НА ГАЛОЎНУЮ  ТВОРЧАСЦЬ ВУЧНЯЎ Азірніся, затрымайся...        Гісторыя аднаго тэлефоннага званка

Жыццёвае                   Мае карані, мая вада            Замалёўка з натуры

 

 

Думкі пра дзяцінства

Думкі… Прыгожае слова і яшчэ прыгажэйшае яго значэнне. Мы ўвесь час думаем, знаходзімся ў пошуках адказаў на тыя ці іншыя пытанні нашага жыцця-быцця, асабліва калі пачынаем сталець… Кожны думае пра сваё, пра тое, што яго клапоціць, азадачвае ці, наадварот, радуе, прыносіць асалоду… Але ж ёсць і агульныя рэчы, пра якія думаў, напэўна, кожны з нас…

   Вось і  зараз я задумалася пра маё дзяцінства... Якім яно было?  Чаму  прайшло так  хутка? Канешне, я не магу назваць сябе дарослай (ды зусім і не хачу!). Шаснаццаць год… Ну што гэта за ўзрост? Не, гэта яшчэ толькі  ранак жыцця, але ўсё ж…

   Што гаварылі пра дзяцінства мае далёкія продкі? Як апісвалі яго паэты мінулых стагоддзяў? Напэўна, было шмат прыгожых, узнёслых і высокіх слоў… А зараз? Не так даўно прачытала: “Дзяцінства – гэта пара, калі яшчэ не думаеш матам”. Сказана, то сказана! Як кажуць, без каментарыяў!

   Калі я думаю пра гэтую пару, то заўсёды ўспамінаюцца … шампіньёны.  Не ведаю нават чаму, можа, таму, што вельмі любіла іх  збіраць, і гэта пакінула след у маёй памяці… Але ж шампіньёны…  А яшчэ дзяцінства – гэта сонейка. Ведаеце, бывае ў акно запаўзае сонечны праменьчык. Памятаю, у далёкім дзяцінстве я расказвала сваім сяброўкам, што гэта “Божанька” глядзіць на нас, сочыць (я і сапраўды так лічыла!). І самае дзіўнае, што мне верылі, што гэта здавалася настолькі сапраўдным, праўдзівым, і ні ў каго не выклікала сумненняў… Вось што такое дзяцінства! Гэта час, калі гаворыш тое, што думаеш, у што верыш. Калі мыеш твар, нагуляўшыся на вуліцы, а ў галаве думкі: “ І на што я гэта раблю кожны дзень?”. Калі ў класе першым ці другім чытаеш трыццаць пяць слоў у хвіліну, а так хочацца чытаць трыццаць шэсць, калі аднойчы вярнулася назад пісьмо, пасланае  Дзеду Марозу, якое ты так старанна пісала, выводзячы акуратна кожную літарку, і мама збянтэжана тлумачыла, што Дзед Мароз яго прачытаў і вярнуў назад, што так трэба…

    А яшчэ дзяцінства – гэта мама! Калі я ўпершыню зразумела, што мама – самы неабходны чалавек? Калі аднойчы ноччу прачнулася, было вельмі цёмна, і тады  я падумала, што знаходжуся ў Бабы Ягі. Канешне, зараз пішу і ўсміхаюся, але як цяпер памятаю, колькі страху і слёз было тады, як звала маму. І мама прыйшла, як і заўсёды, калі мне неабходна яе дапамога і падтрымка…

    Я заўсёды верыла ў казкі, верыла, што дабро перамагае зло, верыла, што існуе той самы прынц, той герой, з якім табе яшчэ належыць сустрэцца… І гэтай верай я жыла, я цешылася, ствараючы своеасаблівы свет. Мой свет. Свет маіх мараў, маёй веры, і ўсяго-ўсяго самага сакрэтнага, самага патаемнага і самага светлага, што толькі было і ёсць у маёй душы…

   Я не хачу станавіцца дарослай. Я не хачу разумець з кожным годам, што стала на год старэйшай і што дзяцінства ўсё далей і далей. Не хачу разбураць мой уласны свет, маленькі мірок маёй душы, які так клапатліва і старанна будавала ўсе папярэднія гады. Не хачу траціць гэтую светлую часцінку мяне. Я хачу па-ранейшаму верыць у сапраўднае каханне, у чысціню і шчырасць чалавечых узаемаадносін, у сонечны праменьчык, у добрага Дзядулю Мароза... Чаму з кожным годам я ўсё менш і менш  адчуваю Новы год, Каляды, не так, як раней, чакаю гэтых святаў. Нешта не тое, усё неяк мяняецца… Ну дзе ж ты, Дзед Мароз?! Герой, у якога я верыла ўсё маё дзяцінства, і ў якога хачу верыць зараз… Хачу, але ўжо не магу… Дзяцінства, маё роднае, зараз такое жаданае, шчаслівае імгненне майго жыцця… Каб толькі ж не канчалася, не праходзіла… Бо так не хочацца траціць яго, а разам і гэтую наіўную дзіцячую веру…

   Зараз ноч… Неба, напэўна, зорнае, і заўтра будзе цёпла… На вуліцы прыгожа, а паветра насычана марозам, хуткім набліжэннем зімы …  І як цудоўна ўсё гэта адчуваць, заўважаць… Але заўтра будзе ўсё інакш. Будзе дзень, зноў пачнуцца клопаты, мітусня, і гэтыя думкі стануць такімі далёкімі... Таму ад кожнага імгнення, кожнага моманту, калі надыходзіць гэтая меланхолія, сумота, я атрымліваю асалоду… Каб не забываць, каб верыць і каб заўсёды заставацца той жа маленькай дзяўчынкай, што жыве ў сваім  маленькім  казачным свеце, напоўненым дзівосамі і марамі.

 

Hosted by uCoz