НА ГАЛОЎНУЮ  ТВОРЧАСЦЬ ВУЧНЯЎ Азірніся, затрымайся...        Гісторыя аднаго тэлефоннага званка

Жыццёвае                   Мае карані, мая вада           

  

Замалёўка з натуры.

   Звычайны вясенні вечар.

   Было б і цёпла, каб не нейкі халодны ветрык, якому так спадабалася гуляць з маімі валасамі.

   Я ішла на аўтобусны прыпынак, трымаючы ў руках кнігу вершаў і не гледзячы пад ногі. А вершы былі цудоўныя. Яны прымушалі задумацца, паразважаць, выклікалі незразумелае жаданне нечага незвычайнага, дзівоснага, уцягвалі ў нейкую філасофію, хацелася акунуцца з галавой у свае думкі, мары…

   Доўга чакала аўтобуса, чытала, думала, разважала. А калі аўтобус пад’ехаў, то з той жа кнігай, чытаючы, увайшла, вымавіўшы сціпла ўсяго некалькі слоў прывітання, узяла білет.

   У аўтобусе, як заўсёды, нялюдна: я ды нейкая пара: мужчына і жанчына.

Выгляд пасажыры мелі інтэлігентны.

   Села насупраць іх і зноў паглыбілася ў чытанне, у вершы, у цікавыя выказванні людзей, у погляды паэтаў. А сярод іх Эдуард Асадаў ( мой любімы), Уладзімір Высоцкі, Андрэй Вазнясенскі, Вераніка Тушнова, Юрый Візбар, Юрый Левітанскі….Словам, усё самае знаёмае, блізкае, чытанае- перачытанае…

   Страціла адчуванне  часу, адправілася нібы ў транс, так гэта ўсё “ўцягнула” мяне, прымусіла забыцца, дзе я і што раблю, і настолькі, што апомнілася, толькі крыху праехаўшы свой прыпынак. Хутка ўскочыла і папрасіла шафёра запыніць аўтобус.

   Выходзячы, пачула словы, сказаныя яхідна-насмешлівым тонам: “Зачыталася”. А яшчэ непрыемна ўразіў зларадны смяшок услед ці то мужчыны, ці то жанчыны. Вось вам і інтэлігенты! А з чаго ці з каго смяяцца? Хіба з сябе…”Дурненькія, - падумалася мне, - нічога не разумеюць.” Яшчэ раз ўпэўнілася, што не такія ўжо дарослыя і мудрыя,  ім часам ёсць чаму   павучыцца ў дзяцей і падлеткаў. Каб не было ў руках зборніка з любімымі вершамі, то гэты выпадак, напэўна, сапсаваў бы мне настрой, пакінуў бы непрыемны след. А так...

   Лёгенька выпырхнула з аўтобуса, з задавальненнем удыхнула свежага вясенняга паветра, зноў паглыбілася ў вершы і, не спяшаючыся, пакрочыла дадому!

 

Hosted by uCoz