НА ГАЛОЎНУЮ  ТВОРЧАСЦЬ ВУЧНЯЎ Азірніся, затрымайся...       

Жыццёвае                   Мае карані, мая вада            Замалёўка з натуры

 

                      Гісторыя аднаго тэлефоннага званка      

                                   

   Ён пазваніў мне а палова восьмай на хатні тэлефон. Званіў з таксафона, бо калі я зняла трубку, то пачула прыемны жаночы голас: “Вам звонит Паша, с оплатой на ваш счёт. Разговаривать будете?” Я адразу не ўцяміла, што за Паша. За нейкія секунды стала перабіраць у галаве ўсіх асоб мужчынскага полу з такім імем. Так і не дадумаўшыся, адказала кароткім : “Так”. І стала чакаць.

-Добры дзень. А Эмілію можна?- пачуўся ў трубцы дзіцячы голас хлопчыка.

-Я самая.- з цікаўнасцю адказала я.

-Прывет. Пазнала? Не? Паша. Памятаеш?- з надзеяй у голасе запытаў хлопчык.

   І толькі тады я ўспомніла…

   З ім мы ездзілі ў адным аўтобусе да школы,  жылі ў суседніх вёсках, часта бачыліся… Паша- вясёлы, чорнавалосы хлопчык гадоў дзевяці, мабыць, больш (наконт узросту дакладна і не ўспомню зараз). Памятаю, ехалі ў аўтобусе, размаўлялі, смяяліся, і я дала яму нумар свайго дамашняга тэлефона. Не ведаю чаму, але проста падабаўся мне гэты малы  з такой наіўнай вясёлай ўсмешкай, з шэрымі вачыма, у якіх заўсёды зіхацела беспрычыннае дзіцячае шчасце…

   Але Пашка быў з неблаганадзейнай  сям’і. Мабыць, таму я крыху і шкадавала яго. Мне  хацелася з ім сябраваць, як з малодшым братам. Гады праз тры пасля таго, як мы ўпершыню ўбачыліся, яго забралі ў дзіцячы прытулак. Праблемная малазабяспечаная сям’я, абыякавыя да дзіцяці бацькі, да таго ж часта “пад градусам”... Пасля таго я бачыла яго рэдка. Хіба ў школе,і то на пару хвілін.

   І вось тады, калі ён пазваніў, мне было нязвыкла чуць той жа задорны дзіцячы галасок. Ён, дарэчы, вучыўся ўжо не ў нашай школе, бо перавялі ў другі прытулак, нават і не ў маім раёне. Мы пагаварылі пра тое, пра гэта...  Ён ахвотна адказваў на мае пытанні: не крыўдзяць, кормяць добра, вучоба таксама нядрэнна…І ўсё. Я не ведала, што больш яму сказаць. Мы развіталіся, і больш я яго не чула і не бачыла. Пасля гэтага прайшло няшмат часу: можа, каля года ці крыху менш.

   Нядаўна я ўспамінала гэтую размову, гэтага хлопчыка. Задумалася… і не толькі пра яго, а наогул пра іх усіх, пра дзетак, абдзеленых увагай бацькоў. Што навяло мяне на такія думкі?  Красоўкі. Звычайныя мужчынскія красоўкі, толькі што ў вельмі дрэнным стане, парваныя… Я ішла па школе і глядзела ўніз, на падлогу. Вось і наткнулася на іх позіркам. Падняла вочы вышэй… Гэта быў хлопчык з прытулку. Не магу сказаць, якога ўзросту, не памятаю, але мяне вельмі здзівілі і ўразілі гэтыя красоўкі. Зрабілася да слёз крыўдна, прыкра.

   Няўжо няма нікому справы  да таго, у чым адзетыя і  абутыя гэтыя дзеці?! У іх няма самага дарагога, самага неабходнага, патрэбнага, таго, дзеля чаго жыве кожны з нас, што так сагравае душы ў цяжкія хвіліны- сям’і, бацькоў. Так, гэтага ніхто не можа ім даць. Але ж зрабіць іх жыццё больш вясёлым, не такім сумным, дабавіць колераў- гэта тое, што ў нашых з вамі сілах. Колькі траціцца сродкаў на розныя мерапрыемствы, хай раённыя, абласныя, рэспубліканскія! Мы ж і без іх можам абысціся, горш нам не будзе, не памром.  Ёсць жа людзі, каму сапраўды можна дапамагчы гэтымі грашыма, дапамагчы без лішніх слоў… Усміхнуцца, прывітацца- гэта ж так лёгка і проста... Здаецца, такі нязначны жэст, але  на самай справе такі важны, як для іх, так і для нас з вамі... Магчыма, нам, падлеткам, дапамагчы дзецям з прытулку ў матэрыяльным плане цяжка, мы ж самі яшчэ дзеці і ўласных грошай зарабляць не можам, але з другога боку, які зусім не тычыцца грошай, дапамагчы ім мы здольныя, гэта насамрэч у нашых сілах. Зрабіць так, каб яны адчувалі сябе лепш у калектыве і не было  розніцы паміж імі і дзецьмі з паўнацэнных сем’яў у нашых сілах.

   “Бацькоў не выбіраюць”- цудоўны і мудры выраз. Заклікаю ўсіх падлеткаў і дарослых  навучыцца спачуваць, праяўляць шчырасць і разуменне, дапамагаць... Бо лёс у кожнага розны, свой...  Ніхто не ведае, за якім паваротам яма, і кожны з нас можа лёгка апынуцца ў ёй, кожнаму можа спатрэбіцца  дапамога... Гэта жыццё. Усё вяртаецца: і дабро, калі ты яго робіш, і зло, якое, магчыма, прыносіш... Таму давайце зробім выснову кожны для сябе, каб, аказаўшыся ў той яме, не шкадаваць і не кусаць сябе за локці, што быў не такім, як належыць, не дапамог, пакрыўдзіў...бо, як кажуць, “всем воздастся».

   ... Я ўсё думаю, як там Пашка? Заўтра ж абявязкова пайду ў прытулак і даведаюся, куды яго адправілі...

 

Hosted by uCoz