НА ГАЛОЎНУЮ  ТВОРЧАСЦЬ ВУЧНЯЎ Азірніся, затрымайся...        Гісторыя аднаго тэлефоннага званка

 Жыццёвае            Замалёўка з натуры

 

   Мае карані, мая вада

Што робіць чалавек, калі ў галаву лезуць, крадуцца сумныя думкі, калі, здаецца, аж фізічна адчуваеш боль у сэрцы, становіцца неяк прыкра і ніякавата, траціш цікавасць да жыцця, да людзей, калі, наогул, проста нічога не хочацца, акрамя як пабыць аднаму, пагаварыць з сабой, са сваім унутраным голасам?  Часцей за ўсё, напэўна, чалавек у такім стане цягнецца да месца, ля якога яму хоць крышачку, але становіцца спакайней, не так цісне за душу, не так з’ядаюць нядобрыя думкі… Гэтае месца ў кожнага сваё, у залежнасці ад таго, які чалавек, які  яго ўнутраны свет… У некага гэта можа быць проста пакой, запоўнены любімымі рэчамі, дзе ніхто не перашкаджае думаць; другі, адчуваючы такую меланхолію, цягнецца да пустыннай вуліцы, дзе нікога няма, толькі ты і вецер; іншаму  больш даспадобы проста пасядзець на лавачцы ў парку, раздзяліць свой смутак з шэлестам  лістоты, а ўзімку шмат каму дапамагае снег…

   Калі гаварыць пра мяне, то я люблю ваду. Проста ваду, чыстую, сцюдзёную, крыштальную. Яна супакойвае, суцяшае, ураўнаважвае… Глядзіш – больш нічога, здаецца, і не трэба…

   Я вельмі прывязана да сваёй вёскі, як, напэўна, і кожны нармальны чалавек. Люблю яе за поле, раздольнае, шырокае, бяскрайняе, якое так цягне да сябе, за невялічкія вулачкі, такія родныя і знаёмыя да кожнай ямкі на дарозе, люблю за паветра, самае свежае, прыемнае і салодкае. Ды і проста люблю…  Але больш за ўсё мне падабаецца тут невялікая сажалка, што знаходзіцца непадалёк ад маёй хаты. Гэта менавіта тое месца, да ягога цягне мяне, якое дапамагае і ля якога я заўсёды праводжу шмат часу. Мяне заўжды здзіўляла і захапляла гісторыя яе стварэння. Дазвольце паведаміць яе і вам.

  Сажалка была выкапана напрыканцы ХIХ стагоддзя.  А ведаеце кім? Маім прадзядулем. Канешне, не ім самім, а па яго ініцыятыве. Напэўна, гэта яшчэ адна прычына маёй прывязанасці да гэтага месца, да гэтай вады… Дакладна нават і дзядуля не мог сказаць, для чаго была выкапана сажалка яго бацькам. Найбольш праўдзівая версія, якую расказвае зараз мой тата ( а яму ў сваю чаргу паведаміў дзядуля) гэта тое, што прычынай была… дзяўчына. Так, местачковая дзяўчына, якую прадзядуля  вельмі, кажуць, кахаў… Але, як гэта часта бывае, каханне было неўзаемным, і як ні дабіваўся прыгажуні мой продак, яна на яго  заляцанні не звяртала ўвагі. Але аднойчы, калі ён ужо адкрыта прызнаўся ёй у сваім каханні, яна сказала, што толькі тады будзе яго жонкай, калі ён падорыць ёй… птушак, прычым не ў клетцы… І што, скажыце, было рабіць бедаку-прадзядулю? Ён, зразумела, адразу рукі і апусціў, але потым, добра падумаўшы, паламаўшы галаву, усё ж такі знайшоў выйсце з такой, на першы погляд, складанай сітуацыі, падабраў  ключык да задачы… Які?  Так, ён выкапаў гэтую сажалку і абсадзіў яе дрэўцамі. Не адразу, канешне, але ж… І кожную вясну, калі адтайваў снег, калі ўсё прачыналася пасля зімовай спячкі, сажалка запаўнялася вадой. І хай гэта вада дажджавая ці ад снегу, але ж вельмі чыстай і сцюдзёнай яна была. У розныя поры года там жылі і будавалі свае хаткі розныя птушкі, а па вадзе плавалі  качкі і лебедзі.  Дзяўчына магла назіраць гэты цуд. Ох, і дзівіліся ж тады аднавяскоўцы, а дзядуля з таго часу праслыў дзіваком. Людзі прыходзілі таксама паглядзець, палюбавацца. Выраслі дрэўцы, месца стала яшчэ прыгажэйшым, яшчэ больш вабіла і цягнула да сябе. Карацей, прадзядуля здзейсніў свой намер, вельмі здзівіўшы тым… маю прабабулю. Так, гэтая дзяўчына – мая прабабуля. Вось такая гісторыя.

   Цяпер я вельмі люблю гэтую сажалку. З ёй звязана шмат ўспамінаў, імгненняў  майго жыцця, як радасных, так і не вельмі. Гэтая вада для мяне, нібы святая, бо дужа дапамагае і грэе ў цяжкія хвіліны. І прыйсці пасядзець ля гэтае вады, пачытаць тут кнігу ці проста раскінуцца на свежай траўцы паблізу – вялікая асалода для мяне. Бо гэта – гісторыя маёй сям’і, маіх продкаў, мая гісторыя, якую я,  у сваю чаргу, павінна перадаць маім  нашчадкам, каб і яны любілі, цягнуліся да гэтага цікавага і вельмі прыгожага месца, да гэтай сажалкі, хоць і невялікай, але ж такой роднай, да гэтай вады, што з неба і зямлі, да гэтых высокіх дрэў, што вакол, да гэтых птушак, што тут спяваюць, бо гэта наша, роднае, і таму святое… Мае карані, мая гісторыя, мой лёс...

 

Hosted by uCoz