Працоўнае навучанне
2 клас
І.В. Багдановіч
Тэма: Тэхналогія рамёстваў. Выцінанкі.

Мэты: пазнаёміць  з гісторыяй выцінанкі, асноўнымі этапамі яе выканання; навучыць вырабляць выцінанку; развіваць умене аналізаваць узаемасувязь формы выразаемых  частак і гатовага вырабу; выхоўваць цікавасць да беларускіх народных рамёстваў.

Абсталяванне: узоры вырабаў, выкананыя ў тэхніцы выцінанкі.

Ход урока:

І. Арганізацыйны момант
Настаўнік паведамляе тэму і мэты ўрока.

ІІ. Вывучэнне новага матэрыялу
1. Уступная гутарка
- З даўніх часоў на Беларусі да вялікіх свят і старыя, і малыя выразалі з паперы ўпрыгожванні для сваёй хаты. Бабулі і дзядулі, маці і таты садзіліся разам з дзецьмі і выраблялі выцінанкі.
Вялікдзень ці Каляды ля варот,
Ля лямпы за сталом сядзіць народ:
Бабулі, і матулі, і дзяўчынкі
Карункі выразаюць безупынку:
Чырвоныя, ліловыя, ружовыя,
Як песенька калядна-адмысловая.
На сцены іх павесіць між акон -
Было на Беларусі так здавён
У хату ўвойдзем - ява тут і быль.
О, цуд з паперы! Сэрцы нам раскрыль!
Выцінанка - гэта ажурны ўзор, выразаны з белай, чорнай або каляровай паперы. У даўнія часы выцінанку рабілі выключна з белай паперы. Гэты святочны колер упрыгожваў шэрыя сцены сялянскай хаты, рабіў пакой утульным і чыстым. Перад святам працавалі ўсе члены сям'і: адны выразалі фіранкі для акон, другія - вугольнікі на паліцы, трэція - кветкі на сцены, чацвертыя - сурвэткі.
(Настаўнік звяртае ўвагу на ўзоры выцінанак,
замацаваных на дошцы)

Вучні адказваюць на пытанні: што гэта? З якога матэрыялу зроблены выраб? З дапамогай якога інструмента? Для чаго яна прызначана?
Вучні чытаюць вершы.
Разглядаем мы малюнкі -
Не нагледзімся ніяк.
Цуда-кветкі, як карункі,
І пытаем: "Хто ж мастак?"
Дзеткі, ножанкі і талент
Нам стварылі гэты цуд.
Беларускі наш арнамент
Ажывае казкай тут.
Зможаш так зрабіць? Не верыш?
Трэба вельмі пажадаць,
І дзівосны на паперы
Зараз будзем выразаць.
Я цудоўны клопат маю,
Выцінанкі выразаю,
У свой блізкі поспех веру,
Бо ў руках маіх папера.
Я не ведаю  прымукі,
Спрытна ходзяць мае рукі,
Рэжуць лёгенька нажніцы...
Мне  ўначы ўзор прысніцца.
Выцінанка, выцінанка -
Папяровая фіранка,
Прывітанне зоркам, зорам
Шлю сваім жывым узорам.

Настаўнік:
-        Выцінанкі бываюць некалькіх відаў.
Першую  групу складаюць вырабы, якія ўмоўна можна назваць  разеткавымі (цэнтрычнымі).  Разгорнуты  выраб  утварае  закампанаваную ў квадрат або круг кампазіцыю, дзе малюнак разыходзіцца веерам ад цэнтра. Такім спосабам  выразаюцца кветкі для ўпрыгожвання інттэр'ера хаты, а пад Новы год - "сняжынкі".
Другую групу  выцінанак вызначае кампазіцыя, якую можна назваць  сіметрычнай (люстэркавай). Аркуш паперы  перагінаецца папалам, у выніку чаго ўзор складаецца з дзвюх палавінак, мае ярка выяўленую вертыкальнасць. Выразны малюнак люстэркава  паўтараецца злева і справа.
Трэцюю разнавіднасць утвараюць выцінанкі рапортнага тыпу. Аркуш паперы складваецца гармонікам, выразаны ўзор з многімі вертыкальнымі  восямі шматразова паўтараецца па гарызанталі. Так выразаюцца фіранкі, падзоры на паліцы, аздобы на рамкі.

2. Уводны інструктаж
Вучні  калектыўна абмяркоўваюць, якія матэрыялы  і інструменты спатрэбяцца для працы. (Папера, аловак, клей, нажніцы)
Правілы бяспекі ў час работы, якія запісаны на дошцы, вучні чытаюць хорам:
1. Кожны інструмент павінен знаходзіцца на пэўным месцы.
2. Не трымай нажніцы закрытымі кольцамі ў бок суседа.
3. Перадавай нажніцы закрытымі кольцамі ў бок суседа.
4.  Клей павінен стаяць крыху воддаль ад матэрыялаў.

Гульня "Пошта"
Вучні атрымліваюць канверт з заданнем і шаблонам.
Удакладняецца, як складваць  аркуш паперы, як прыкладваць шаблон. Звяртаецца ўвага на фон для ўзору.

3. Самастойная работа
Працоўная дзейнасць  дзяцей суправаджаецца правядзеннем  індывідуальных інструкцый.
4. Заключны інструктаж
Афармляецца выстава гатовых вырабаў. Вучні адзначаюць лепшыя работы, аргументуюць свой выбар.

ІІІ. Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія
-        Ці спадабалася вам працаваць на ўроку? Чаму?
-        Як называюцца вырабы, якія вы рабілі?
-        Што такое выцінанка?
-        Для чаго робіцца выцінанка?
-        Колькі відаў выцінанкі існуе?

      IV. Уборка рабочага месца.


Дзяржаўная ўстанова адукацыі
" Навучальна-педагагічны комплекс Варнянскі яслі-сад-агульнаадукацыйная сярэдняя школа"
Hosted by uCoz