Тапуць Леанард Юльянавіч нарадзіўся ў 1943 годзе ў в.Дубнікі Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям'і. Бацька яго, Юльян Адамавіч, скончыў 4 класы польскай школы і лічыўся самым граматным у вёсцы. Маці, Ганна Віктараўна, сціплая вясковая жанчына, вызначалася сваёй акуратнасцю, была добрай гаспадыняй.
Прозвішча Тапуць для Астравеччыны рэдкае - прадстаўленае ў нашым раёне, па сутнасці, адной  толькі сям'ёй. "Чаму так?" - запытаўся некалі, яшчэ ў дзяцінстве, Леанард Юльянавіч у свайго дзеда і пачуў у адказ:
- Дубніцкі пан Мінэйка выйграў аднойчы ў карты ў нейкага іншага пана буйную суму грошай, аддаць якую той быў не ў стане. І тады Мінэйка забраў картачны доўг прыгоннымі, выбраўшы самых майстравітых - шаўца, краўца і цесляра. Твой прапрадзед, Лёнюсь, і быў тым прыгонным краўцом, якога аддалі за пройгрыш.

Кравецтва перадавалася ў сям'і ў спадчыну: прадзед навучыў шыць дзеда, дзед - бацьку. І як шыць! Са звычайнага салдацкага шыняля Юльян Адамавіч  мог запраста зладзіць "мундур" і штаны "галіфэ". У сям'і Тапуцёў было трое дзяцей: Леанард, Соф'я і Часлаў. Кар'ера краўца "свяціла" і Леанарду, як старэйшаму сыну. Адзінае, што бянтэжыла бацькоў, дык гэта ягоныя здольнасці да навукі. Калі Лёня перайшоў у сёмы клас, у хаце зладзілася нарада. Бабуля сцвярджала:
- Яшчэ  невядома, ці будзе ён сыты граматай. А кравец заўсёды сабе  на кавалак хлеба заробіць. І думаць тут няма пра што - час Лёнюся прывучыць да ніткі з іголкай.
Бацька, хоць і быў самым граматным чалавекам у вёсцы, таксама аддаваў перавагу канкрэтнаму  ўмельству, маўляў, хто яго ведае, як яшчэ пойдзе з гэтай навукай. А вось дзядуля Адам паслухаў сваіх хатніх і выдаў рэзюме:
- Не перашкаджайце хлопцу. Даў Бог разумную галаву - няхай ёй карыстаецца. Няхай вучыцца.

Так, скончыўшы сямігодку ў Карвэлях на выдатна, дзе ў той час настаўнічала Ксенія Мікалаеўна Малышава і дзве маладыя настаўніцы Надзея і Кацярына Кругляновы, Леанард з 1958 года прадоўжыў вучобу ў Варнянскай СШ.
У школе яму падабалася ўсё - і настаўнікі, і прадметы, якія яны выкладалі. У той час у Варнянскай школе працавалі таленавітыя педагогі,  большасці з іх ужо няма, але Леанард Юльянавіч добра іх памятае і бязмерна ўдзячны. Іван Іосіфавіч Кардзіс, які выкладаў яшчэ ў польскай гімназіі, і якому ўдалося развіць у хлопчыка матэматычныя здольнасці. Георгій Паўлавіч Зелянеўскі, выкладчык фізікі. Класны кіраўнік і выдатны знаўца беларускай мовы Іосіф Іосіфавіч Матулойць.  Уладзімір Васільевіч Волкаў, настаўнік фізкультуры і пачатковай ваеннай падрыхтоўкі - гэта ў многім дзякуючы яму Леанард стаў лепшым у раёне бегуном на 100 метраў. Выступаў на абласных спаборніцтвах у бегу на 100, 200 і 400 метраў.

З успамінаў настаўніцы Волкавай Таццяны Нікіфараўны:
"Да нас, у Варнянскую СШ, Тапуць Леанард прышоў у 1958 годзе, закончыўшы сямігодку ў Карвэлях. Адразу ж ён праявіў сябе старанным, мэтанакіраваным чалавекам. Ён захапляўся абсалютна ўсім, настаўнікаў цікаўны вучань замучваў сваімі  пытаннямі.
Свой будучы шлях вучань вызначыў яшчэ ў 8 класе. "Буду ваенным!" - сказаў ён. І з таго часу ён шмат працаваў над гэтым.  Да цямна прападаў на стадыёне, каб "накачаць мышцы", увесь час аддаваў сябе трэніроўкам, але разам з тым не абдзяляў увагай вучобу. Сваёй стараннасцю Леанард заваяваў аўтарытэт у настаўнікаў, якіх  удзячны вучань памятае дагэтуль. Кожны год, прыязджаючы на Радзіму, ён не забываецца пра нас, асабліва калі жывы  быў мой муж Уладзімір Васільевіч, настаўнік фізічнай культуры. А што яшчэ можа быць лепшым для настаўніка, як памяць і ўдзячнасць яго вучняў...."
У 1961 годзе Леанард Тапуць закончыў Варнянскую школу.

Многія  прарочылі стаць яму добрым спартсменам. Але ён выбраў іншы шлях - ваеннае вучылішча. Па-першае, таму што вучыць яго ў звычайнай ВНУ ў бацькоў не было грошай, а ў вучылішчы - на ўсім казённым.
- Не толькі беднасць бацькоў вызначыла мой выбар, - кажа Леанард Юльянавіч. - Тут трэба разумець, што я - прадстаўнік пасляваеннага пакалення. У той час кожны салдат, які вяртаўся  пасля дэмабілізацыі ў родную вёску, адчуваў сябе ледзь не каралём! Дзяўчаты  ззаду - шлейфам, у вачах падлеткаў - нямое абажанне....
У сваёй фізічнай падрыхтоўцы ён амаль не сумняваўся, на ўзроўні былі  і веды. Шанс на паступленне быў, і не малы. Але Леанард не паступіў. Падвяло тое, пра што хлопец  нават і не думаў турбавацца - зрок (хто і калі ў той час правяраў яго ў вясковай школе?!). Аказалася,  што адно вока бачыла толькі на 0,4. Якое ваеннае! І думаць забудзь!

Вярнуўся ў Дубнікі засмучаным. Падаў згарача дакументы ў Гродзенскі сельгасінстытут. Пасля адумаўся - услед выслаў пісьмовую просьбу вярнуць  дакументы. Як спартсмена  раённага маштабу, яго ўлдакавалі настаўнікам фізкультуры ў сярэднюю школу ў Літвянах.
Але ад мары стаць ваенным Леанард не адмовіўся. Купляў даведнікі, знаёміўся з "рынкам" ваенных. Выбар паў на карысць ракетных войск. Чаму так? Падзеі адбываліся  ў пачатку 60-х гадоў, калі чалавецтва толькі-толькі здолела нарэшце прабіцца ў космас.
На гэты раз Леанард пайшоў калегіяльным шляхам - праз раённы ваенкамат, праз абласны... У Вольскае сярэдняе ракетнае вучылішча з Гродзеншчыны паехала цэлая група абітурыентаў. Леанард старанна рыхтаваўся  да ўступных  экзаменаў, ды й сярэдні бал школьнага атэстатата  быў 4,65. Адным словам, на гэты раз усё ўдалося: ён паступіў.
А як жа зрок? Выправіўся? Не. Хлопец пайшоў на хітрасць: вывучыў табліцу з літарамі, па якой правяраюць зрок, і атрымаў у якасці ўзнагароды за вынаходлівасць запаветныя 1:1.
Ракетныя навукі спорыліся настойліваму беларусу досыць хутка - вучыўся  Леанард, як некалі ў роднай школе - на круглыя пяцёркі. У грамадзянскім жыцці ён таксама прымаў самы актыўны  ўдзел - быў камсоргам.

Бал дыплома малодога афіцэра атрымаўся - 4,85. Размеркаванне: Байканур, Вінніца, Плісецк - на выбар. Ён выбраў Плісецк, куды прыехаў ужо не адзін, а з жонкай Валюшкай і з гадавалым сынам Сашкам.
Пра 18 гадоў 3 месяцы і 11 дзён ужо падпалкоўнік Тапуць, тагачасны намеснік галоўнага інжынера касмадрома "Плісецк", прыбыў на новае месца службы - у Маскву, у галоўны штаб касмічных  войск. Леанард Юльянавіч  стаў працаваць начальнікам аддзела па эксплуатацыі касмадромаў у галоўным штабе касмічных войск СССР. Атрымаў чарговае званне - палкоўніка. 
Леанард Юльянавіч Тапуць - намеснік начальніка дэпартамента. У яго веданні - выраб ракет. А гэта значыць, дзесяткі прадпрыемстваў, кожнае з якіх мае свой профіль - выпускае вызначаны від  ракеты  касмічнага прызначэння, кошт якой - пад мільярд расійскіх рублёў. А яшчэ ён  адказвае за ўсе касмадромы Расіі, іх эксплуатацыю і запуск ракет.
Леанард Юльянавіч  лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо займаецца любімай работай, мае цудоўную сям'ю.
- З 1996 года я - на ваеннай пенсіі, - кажа наш зямляк. - Але пакуль мне будзе цікава працаваць - і пакуль мая работа  будзе задавальняць маё  начальства, я  застануся ў страі.
Дома вось ужо 40 гадоў Леанарда Юльянавіча чакае яго жонка, Валянціна Аляксандраўна, якая  прывыкла да частых паездак мужа, да  "бясконцых  ваяжоў" (то Францыя, то ЗША, то Кітай, Аўстралія або Галандыя....). Да яго працоўнага  дня, які доўжыцца з 7 гадзін раніцы да 9 вечара, яна прывыкла. І яна навучылася чакаць.
Аляксандр, сын Леанарда Юльянавіча,  пайшоў па слядах бацькі: закончыў Ленінградскую касмічную акадэмію, стаў служыць на Байкануры.
Кожны год частку свайго адпачынку Леанард Юльянавіч  праводзіць на радзіме, у Беларусі. У мінулым годзе ён таксама наведаў Астравеччыну, сустрэўся з вучнямі Варняскай школы.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі
" Навучальна-педагагічны комплекс Варнянскі яслі-сад-агульнаадукацыйная сярэдняя школа"
Hosted by uCoz