СЯМЕЙНАЯ ГАСЦЁЎНЯ  "Тата, мама, я..."

Задачы:  - фарміраванне ўяўленняў у дзяцей аб сям'і, аб сваёй  ролі і месцы ў ёй;
- паглыбленне ведаў аб роднасных сувязях у сям'і;
-        выхаванне добразычлівасці, клапатлівасці, уважлівасці да кожнага члена сям'і.
Афармленне залы: карта горада Добрасямейска, малюнкі домікаў вучняў класа, малюнкі дрэў ( пам колькасці вучняў класа), карткі з надпісамі "дом", "вуліца", "горад/вёска"," раён", "вобласць", "краіна", "планета",  жоўтыя круг і палоскі з прыказкамі для гульні "Сонейка".

(Гучыць першы куплет песні "У бацькоўскім кутку", словы Н.Гілевіча, музыка І. Лучанка)
1-ы чытальнік
Як соладка спіцца
У матчынай хаце.
Тут месяц глядзіцца,
Тут зоркі раяцца.
І лекі не трэба,
Калі слабаваты.
Ёсць роднае неба,
Ёсць родная хата.
Тут - шляху пачатак
І сілы крыніца,
Бацькоўская хата -
Радзімы зямліца.
(І. Калеснік)
Вядучы. Навошта чалавеку патрэбен дом? Што абазначае выраз "утульнасць і цеплыня нашага дома"? (Вучні адказваюць на пытанні)
Вядучы. І сапраўды, дом патрэбен кожнаму чалавеку. Сцены і дах ахоўваюць нас ад дажджу, снегу, ветру, марозу, спякоты. А вокны ўпускаюць дзённае святло, праменьчыкі сонейка. Дом - гэта не толькі асобная кватэра, але і пад'езд, двор, вуліца. Каб сям'і жылося ўтульна, неабходна клапаціцца пра іх.
Усім прыемна, калі ў доме чыста. Толькі нявыхаваныя людзі могуць кідаць смецце дзе папала. У мяне ёсць упэўненасць, што кожны з вас любіць свой дом і стараецца берагчы яго. Паглядзіце, якія светлыя і чыстыя, прыгожыя і утульныя нашы дамы. ( Увага вучняў звяртаецца на малюнуі дамоў, прымацаваныя да шырмы.)
2-і чытальнік.
Хата - быццам напаказ:
Ёсць у ёй вада і газ.
Электрычнасць. Печ гарой.
Хто жыць будзе ў хаце той?
Працавітая сям'я:
Тата, мама, брат і я.
3-і чытальнік.
Не палохаюць завеі
У зімовы час;
Добра грэюць батарэі,
Ёсць святло і газ.
І па лесвіцы не трэба
Тэпаць - сходак шмат:
Ліфт за так падыме ў неба,
Ліфт звязе назад.
Вядучы.
Чысты, прыгожы дом важны не толькі сам па сабе. З чыстых дамоў складаецца тая ж чыстая вуліца. ( Вядучы выстаўляе карткі "дом", "вуліца") Як вы думаеце, што атрымаецца з чыстых вуліц? Так, чысты горад або вёска. (Карткі "горад", "вёска")
У выніку разважанняў утвараецца ланцужок:
ДОМ ? ВУЛІЦА ?  ГОРАД/ВЁСКА? РАЁН ? ВОБЛАСЦЬ ? КРАІНА ? ПЛАНЕТА
Вядучы. Бычыце, ад кожнага з на сзалежыць залежыць чысціня цэлай планеты. І мір на планеце залежыць ад міру ў нашых дамах.
4-ы чытальнік.
Дзед, бабуля,
Тата, мама,
Брат з сястрой,
Таксама я,
Мы - вялікая … (сям'я)
Вядучы. Колькі чалавек у сям'і, пра якую гаворыцца ў загадцы ?( Вучні адказваюць)  Сем'і бываюць розныя: вялікія і малыя. Калі ў сям'і ёсць тата, мама і адно дзіця - гэта маленькая сям'я. А хто ўваходзіць у склад вялікай сям'і? ( Бабуля, дзядуля, брат, пляменнік і інш.)
5-ы чытальнік.
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
І вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае "мама"
І цяпер для мяне сама міла гучыць.
6-ы чытальнік
Мама - слова ласкавае,
Мама - слова яскравае.
Мама -- слова  вечнае.
Мама - слова сардэчнае.
Вядучы. Мы і не заўважылі, як трапілі ў цудоўны горад Добрасямейск, на галоўнай вуліцы якога знаходзіцца гандлёвы цэнтр "Маміны мары" ( Увага вучняў звяртаецца на карту горада.) Сустрэць тут можна ўсіх мам. Як вы лічыце, што яны купляюць у гэтым магазіне?  Давайце запалім для нашых мам сонейка, каб стала ім святлей і весялей.
( На дошцы з'яўляецца круг жоўтага колеру са словам "мама". Вядучы запрашае прымацаваць да яго праменьчыкі з прыказкамі на ўказаную тэму. Дзеці чытаюць прыказкі і, калі яны падыходзяць, прымацоўваюць да сонейка.)
Прыказкі.
Зямелька - маці, а праца - бацька.
Кожнаму сваё дзіця міла.
У маёй маткі ўсе дзеткі добрыя.
Усякая матка хваліць сваё дзіцятка.
Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра.
Без маткі і сонца не грэе.
Матчыны рукі заўсёды мяккія.
Родную маці нікім не заменіш.
Другой маткі не знойдзеш.
Якая матка, такое і дзіцятка.
Птушка рада вясне, а дзіця маці.
(Да пералічаных прыказак далучаюцца прыказкі аб працы, Радзіме і інш.)
Вядучы. Днём ярка свеціць сонейка, а калі наступае ноч, на небе запальваюцца зоркі і мамы спяваюць сваім дзецям калыханкі.
Мама адной з вучаніц.
Запаліла ночка
Зорныя агні.
Спі, мая дачушка,
Любая, засні.
Над тваёй калыскай
Буду я спяваць.
Пра ката і мышку
Казачцу казаць.
Пад акенцам кветачка
Дзіўная цвіце.
Мая крошка-дзетачка
З дня на дзень расце.
Вунь высока зорачка
Золатам блішчыць,
А мая дачушачка
Штосьці ўсё не спіць.
З-за хмурынкі месячык
Беленькі ідзе,
За сабою зорачак
Карагод вядзе.
( Вучні выконваюць песню " Маміны рукі " )
7-ы чытальнік
Тваёй душы красу,
Матуля дарагая,
Я па зямлі нясу,
Яе аберагаю.
Не заўважаў і сам,
Матулька дарагая:
Тваёй душы краса
Мяне аберагае.
Вядучы. Паглядзіце, мы апынуліся на станцыі метро "Плошча татавай незалежнасці". Для іх, нашых дарагіх тат, вучні нашага класа праспяваюць вясёлыя прыпеўкі. (Хлопчыкі, апранутыя ў жаночыя народныя касцюмы, спяваюць вясёлыя прыпеўкі.)
Вядучы. У горадзе Добрасямейску размясціўся мікрараён "Дзядуліна", а побпч з ім - і Бабулін завулак. Давайце заглянем туды.
8-ы чытальнік
Да матулькі мамінай
І матулькі татавай
Стаўлюся з любоўю.
І матульцы мамінай
І матульцы татавай
Зычу я здароўя.
І матульку маміну,
І матульку татаву
Буду шанаваці.
Мне матулька маміна
І матулька татава
Родныя, як маці.
( Танец-імправізацыя на музыку Р.Паўлса "Залатое вяселле".)
Вядучы. Нездарма на нашай карце знаходзіцца кандытарская фабрыка "Дзіцячыя фантазіі". Запрашаем малодшых брацікаў і сястрычак пагуляць з намі ў гульню. ( Праводзіцца пальчыкавая гімнастыка, затым малыя з завязанымі вачыма зрываюць прывязаныя на вяроўцы цукеркі.)
Гэты пальчык - мамачка,
Гэты пальчык - татачка,
Гэты пальчык - бабуля,
Гэты пальчык - дзядуля,
А вось гэты пальчык - я,
Тут уся мая сям'я.
Вядучы. Успомнілі мы сёння многіх членаў сям'і, але не ўсіх. Пра каго не гаварылі? Пра маму вашага дзядулі, тату вашага дзядулі, маму вашай прабабулі.Хто яны для вас? Як можна назваць іх адным словам? Так, гэта вашы продкі, альбо ваш род. Кожны чалавек павінен ведаць і памятаць сваіх продкаў. Аб гэтым расказвае і казка В.Сухамлінскага , якая называецца "Казка пра чалавека і страказу" (Вучні інсцэніруюць казку, затым праводзіцца гутарка па зместу твора.)
Вядучы. Чалавек можа толькі тады звацца чалавекам, калі ён памятае сваіх продкаў. І зараз кожная сям'я, якая прысутнічае на нашым свяце, прыгадае сваіх продкаў і складзе сваё радавое дрэва. І зазелянеюць вуліцы нашага горада Добрасямейска. Кожная сям'я атрымае зараз выяву дрэва, якую трэба будзе запоўніць. Карані дрэва - гэта вашы бабулі і дзядулі. Спачатку запішыце татавых бацькоў, затым - маміных. Ствол - гэта вашы тата і мама, запішыце іх імёны насупраць імён іх бацькоў. Галінкі дрэва - гэта дзеці, а гэта значыць, вы. Запішыце вашы імёны, а таксама імёны вашых братоў, сясцёр на галінках дрэва.
На атрыманым радаводзе змесціцца не ўвесь ваш род, а толькі частка, самыя блізкія да вас людзі. Беражыце іх, як і яны берагуць вас.
( Вучні разам з бацькамі запаўняюць радавыя дрэвы, прымацоўваюць іх ля домікаў вучняў, расказваюць аб сваіх продках.)
Свята закончваецца песняй "Родны горад" (В, Раінчык - У. Някляеў)

Дзяржаўная ўстанова адукацыі
" Навучальна-педагагічны комплекс Варнянскі яслі-сад-агульнаадукацыйная сярэдняя школа"
Hosted by uCoz