Пазакласнае чытанне
Тэма: ЗІМАЧКА-ЗІМА

Задачы: 
1.        Вучыць дзяцей асэнсавана ўспрымаць вершаваныя творы, выказваць адносіны да прачытанага, вызначаць характар і настрой твора.
2.        Адпрацоўваць навык выразнага чытання; фарміраваць уменне ўспрымаць вобразныя сродкі мовы.
3.        Выхоўваць культуру мовы; беражлівыя адносіны да навакольнага свету.

Ход урока
І. Уступ
1) Гурба снегу ў садзе белым,
А на гурбу сонца села.
Снег лятае серабрысты,
Зіхаціць  у полі чыстым.
Белы вецер пад рабінкай
Сцеле белую пярынку,
Зоркі ў поле рассыпае.
А гуляе там сама
Ў белым кажуху зіма.
2)У зімы тры сыны,
Снежань, Студзень, Люты,
Як адзін - усе яны
У ільды закуты.
   Зіма і яе сыны запрашаюць нас ў цікавае і незвычайнае падарожжа. Мы станем крышку чараўнікамі, таму што за 1 урок паспрабуем наведаць кожны месяц і паглядзець, што адбываецца ў прыродзе і ў жыцці людзей. Паспрабуем стварыць цудоўны настрой сабе і нашым гасцям. Але Зіма вырашыла з самога пачатку выпрабаваць нас. У зімовае царства трапіць той, хто адгадае зімовыя загадкі і атрымае пропуск.
Зімовыя загадкі
1.Дрымучы лес
На шкле парос -
Намаляваў яго …(мароз)
2.Як агеньчыкі ў двары
Скачуць,скачуць…(снегіры)
3.Прыгажуня колкая
Штогод  прыходзіць к нам.
Лісты ў іголкі,
Завецца яна …(ёлка)
4.Ляцяць птушкі без крыл,
На дрэвы садзяцца без ног. (сняжынкі)
5.Без голасу, а вые,
Без рук, а абрусы сцеле. (мяцеліца)
6.Ёе без фарбаў, без алоўка
На акне малюе лоўка
Лапкі елак, пальмаў вецце…
Як жа той мастак завецца? (мароз)
7.Зімой расце коранем уверх,
а вясеой плакаць пачынае.
Хто адгадае? (лядзяш)
8.Цякла, цякла і пад шкло лягла (рака пад лёдам)
9.Не ад гонару заўсёды
Бегаем з узнятым носам,
І заўжды дзяцей чароды,
Як па крышах з горак носім.
Пазнаёмся з намі бліжай.
Як завуць нас?
Проста …(лыжы)
10.Улетку кропелькай была,
Вясёлаю дажджынкай,
А іней лёг,
Зіма прыйшла -
Зляцела ўніз (сняжынкай).

ІІ.Асноўная частка
1.Снежань

У зімы тры сыны,
Снежань, Студзень, Люты,
Як адзін - усе яны
У ільды закуты.

Снежань снежыць - вецер смешыць. Чаму так гавораць? Ад якога слова паходзіць назва месяца? Перад намі расчыняе дзверы першы зімовы месяц. З розным настроем сустракаюць зіму людзі, звяры. Паслухайце вершаваныя радкі. Які настрой перадаецца?

Ля хат высокія сумёты,
Пад снежнай коўдрай спяць палі.
Вятры бяздомныя ля плота
З віхурай песню завялі.
Замоўклі белыя прасторы,
Змарыў іх ціхі зімні сон,
Малюе срэбныя ўзоры
Зіма на шыбінах акон.

Настрой, напэўна, крыху сумны, спакойны, ціхі. Але ні мне, ні гаспадарам нашага сённяшняга падарожжа не хочацца, каб вы сумавалі.
Наступае Снежань і прыносіць з сабою прадчуванне доўгачаканага свята. Якое свята вы ўсе чакаеце?(Новы год) З якім марамі чакаеце вы гэтага свята?
Хутка свята, Новы год,
Дзед Мароз пачаў абход.
Як праб'е дванаццаць раз -
Тут ён з'явіцца якраз,
Прынясе вяселле, смех,
Падарункаў цэлы мех.

З якім настроем мы чакаем свята? Бадзёрым, радасным.
Народныя прыкметы:
Кожны зімовы месяц багаты на прыкметы, якія прадказваюць будучае надвор'', ураджай. Назавіце, якія прыкметы снежня вам удалося адшукаць. Але як бы не прыемна нам было гаварыць пра любімае свята, пра Снежань, у дзверы грукае яго брат - Студзень і запрашае правесці некаторы час з ім.

2.Студзень
У зімы тры сыны,
Снежань, Студзень, Люты,
Як адзін - усе яны
У ільды закуты.

Студзень студзіць - буры будзіць. Ад якога слова ўтварылася назва гэтага месяца?
Заснежыў студзень агарод,
Насыпаў гурбіны паўз плот,
Прадзе снягоў валокны,
Пазамарожваў вокны.
Які малюнак устаў перад вачыма? Адразу захацелася адзецца цяплей. Халодны, марозны месяц. Але для дзяцей няма нічога лепшага, чым сонечны марозны дзянёк, горка, санкі. Прычым пачатак месяца - гэта час зімовых канікул, час дзіцячых забаў.
Ой, зіма, зіма, зіма!
Весялей цябе няма!
Горка, санкі, гоман, смех.
Сіні вечар, белы снег.
Усе дзеці на каньках.
Колькі радасці ў вачах!
Які настрой выклікаў верш? (выстава малюнкаў) Вясёлы, радасны, прыемны.
Зараз яшчэ некалькі слоў пра дзіцячыя забавы.

Лёд на возеры - празрысты,
Чысты, шклісты,
Моцны лёд.
І па роўнядзі ільдзістай
Закружыўся карагод.
Хлапчукі ўсе з нашай школы
Сталі сёння на канькі.
Не сціхае смех вясёлы
У марозныя дзянькі.

Куды запрашаюць нас Ксюша і Вадзім. Яны так прыгожа апісалі лёд, карагод, што не толькі, хлапчукі захочуць ахапіць хутчэй канькі, але і дзяўчынкі ад іх не адстануць. Людзі гавораць: Студзень халодны - будзе год плодны. Якія яшчэ народныя прыкметы вы знайшлі? Калі зараз крышку прыслухацца можна пачуць нецярплівыя крокі. Гэта наступны зімовы месяц - люты, чакае сваёй чаргі для сустрэчы з намі.

3.Люты
У зімы тры сыны,
Снежань, Студзень, Люты,
Як адзін - усе яны
У ільды закуты.

Люты сцюжамі лютуе - ад вясны снягі вартуе. Чаму так гавораць? Чаму ўспамінаецца пра вясну? Так, хутка ўжо вясна, але гэты сын зімы амаль што самы халодны, люты.
Куды ні глянеш - снег і снег,
Ад сонца ён іскрыцца.
Тут бачна: заяц полем бег,
А там, дзе гай, - лісіца.
Хаця і блізка ўжо вясна,
Але лютуе люты.
Пад снегам рэчка не відна,
Ільдом яна  закута.
Шмат нацярпеліся ад зімы і людзі, і звяры. Люты запрашае заглянуць у лес. Давайце праведаем лясных жыхароў. Вецер прыляцеў у лес. Птушак запытыў, звяроў: "Хто і як зіму правёў?"
У няўседлівай вавёркі
У дупле арэхаў горкі,
Сушаных грыбоў нямала -
Восенню нарыхтавала.
Вожык закапаўся ў лісце,
Да вясны яму не выйсці.
Не бядуе мішка-лежань,
Што завее снегам снежань,
Я да самае вясны
Буду сніць спакойна сны.
         Як бачыце, лясныя жыхары, якія да нас завіталі, яшчэ з восені добра падрыхтаваліся да зімовых халадоў і таму цяпер адчуваюць сябе добра, утульна. Але некаторым звярам вельмі патрэбна наша дапамога.
Ілюстрацыя.
Раскажыце, як людзі дапамагаюць жыхарам лесу.
Люты багаты на народныя прыкметы. Якія вам удалося і знайсці?
Сёння раніцай у паштовай скрынцы я знайшла вось такі канверт, а ў ім нейкае незвычайнае пісьмо. Паглядзіце, можа вы здагадаецеся, хто яго напісаў?
Пісьмо птушак.
Лёг сняжок пушысты,
Белы, як папера,
А на снезе птушкі
Ў каляровым пер'і.
Снегіры, сініцы,
Галкі - забіякі
На паперы гэтай
Пакідаюць знакі.
Цэлую гадзіну
Дзеці прастаялі,
Што гэта за знакі -
І не адгадалі.
Падышоў дзядуля,
Акуляры - у рукі:
-        Зараз адгадаем,
Дарагія ўнукі.
Гэта ж пішуць птушкі!
У іх няма кармушкі,
Просяць хоць бы трошкі
Зерняў, хлебных крошак.
Пра што пісалі птушкі? Ці лёгка ім зімаваць? Што можам мы зрабіць для птушак.
ІІІ.Заключэнне.
Вось і падходзіць к канцу наша цудоўнае падарожжа. Вы гэты час не адпачывыалі, а былі вельмі ўважлівымі назіральнікамі, прыкмячалі ўсё цікавае і незвычайнае.Свае назіранні вы змесціце вось у гэтай табліцы.
ЗІМА ПРЫЙШЛА
Колеры зімы        Гукі зімы   Народныя прыкметы        Зімовы настрой    Пісьменнікі аб зіме
Зіма і яе сыны з намі не развітваюцца, наша знаёмства яшчэ доўга будзе працягвацца. Яны дзякуюць за працу. На развітанне яны вырашылізрабіць нам падарунак, крышку паскорыць наша доўгачаканае свята - Новы год. А мы, напэўна, самыя першыя зараз упрыгожым навагоднюю ёлку.
РЭФЛЕКСІЯ.

Дзяржаўная ўстанова адукацыі
" Навучальна-педагагічны комплекс Варнянскі яслі-сад-агульнаадукацыйная сярэдняя школа"
Hosted by uCoz