План - канспект урока гісторыі ў 5 класе
Распрацавала: Юркойць А.Ф.
Тэма : " Грэка - персідскія войны і росквіт Афін."
Мэта: - пазнаёміць вучняў з ходам і асаблівасцямі грэка - персідскіх войнаў;
Задачы ўрока: - Вызначыць прычыны і ход грэка - персідскіх войнаў; стварыць алгарытм характарыстыкі войнаў;
- фарміраваць і развіваць уменні працаваць з гістарычнай картай; рабіць высновы і вырашаць праблемныя сітуацыі;
- на прыкладзе гераізму грэкаў у абароне сваёй Радзімы выхоўвацьпатрыятычныя пачуцці вучняў.
Забеспячэнне ўрока: карта " Грэка - персідскія войны", выкананая на дошцы крэйдай і аплікацыяй карта Марафонскай бітвы; атлас " Гісторыя старажытнага свету" / вуч. дап. для 5 класа агульнаадук. устаноў з бел. мовай навуч.; контурныя карты.
Геаграфічныя назвы:Персідская дзяржава, Марафон, Фермапільская цясніна, востраў Саламін.
Асобы:Дарый І , Ксеркс, Мільтыяд, Леанід, Фемістокл.
Новыя паняцці:вайна, марафонскі бег, патрыёт, Алімпійскія гульні, фаланга.
Эпіграф:
" Адно я табе скажу - не давайся жывым і добраахвотна ў рабства, калі ў цябе ёсць магчымасць памерці свабодным".
Эўрыпід
Ход урока
На пачатку настаўнік называе мэты і задачы ўрока, звяртае ўвагу вучняў на тое, што сёння будуць разглядацца не толькі грэка - персідскія войны, але яны даведаюцца пра тое, чаму і як узнікаюць войны. На ўроку вучні будуць выконваць ролі грэка і перса.
Настаўнік задае пытанне : " Пра што давядзецца гаварыць, калі мы будзем знаёміцца на ўроку з якойсьці вайной?".
Вучні адказваюць. У выніку складаецца план урока, што гутарка будзе весціся пра прычыны, ход вайны, баі, зброю таго часу і г.д.
План урока
1. Прычыны войнаў.
2. Ход вайны. Асноўныя падзеі.
3. Вынікі войнаў.
Вучні адкрываюць атлас па гісторыі Старажытнага свету на ст. 13 і 23 і параўноўваюць Персідскую дзяржаву і Грэцыю. Настаўнік прапануе паразважаць, хто і якія меў магчымасці, каб перамагчы ў гэтых войнах?
І. Прычыны войнаў ( тлумачыць настаўнік)
У Грэцыі было мала ворыўнай зямлі, не хапала хлеба, а таму грэкі куплялі збожжа ў Егіпце, Сіцыліі і на паўночным узбярэжжы Чорнага мора. Егіпет захапіла Персія. Затым персы захапілі шляхі, па якіх можна было праплыць з Грэцыі ў Чорнае мора, а таксама імі былі захоплены грэчаскія гарады ў Малой Азіі. Вайна імкліва набліжалася да Грэцыі. Грэчаскія полісы вымушаны былі ваяваць. Персідскі цар Дарый І прыслаў у Балканскую Грэцыю сваё пасольства.
Перс: ( падрыхтаваны вучань) Наш валадар Дарый І патрабаваў даць персам …
Настаўнік: Чаго патрабавалі персы вы даведаецеся , калі разгадаеце крыжаванку, якую атрымаў кожны з вас ( гл. дадатак)
Перс: У Афінах нашых паслоў скінулі з выспы, а ў Спарце - у студню, сказаўшы, што там яны возьмуць і зямлю , і ваду. Грэкі адважыліся абражаць нашага валадара, а гэтага ніхто ў свеце не можа сабе дазволіць. Ён - уладар усяго свету. Яму падпарадкаваліся краіны і гарады Азіі і Афрыкі, а таксама некаторыя грэчаскія полісы.
Настаўнік: Паглядзіце ў атлас на с. 23. Якія грэчаскія полісы ўсёж пакарыліся Персіі? Якія полісы адважыліся не пакарыцца? Чаму?
ІІ. Ход войнаў.
Настаўнік: У 490 г. да н.э. ( дата занатоўваецца ў сшытак) персідскія войскі на чале з Дарыем І наступалі на Афіны. Афіняне звярнуліся па дапамогу да іншых полісаў, але тыя адмовіліся, спасылаючыся на тое, што ў гэты час праходзілі Алімпійскія гульні.
Афіняне сустрэлі персаў у даліне каля мястэчка Марафон. Мабыць, каму - небудзь вядомая гэта назва?
( паведамленне пра марафонскі бег)
Настаўнік:Паслухаем афінскага воіна.
Афінянін: У наша войска прыйшлі ўсе, хто мог насіць зброю. Нас было каля 10 тыс. камандаваў Мільтыяд. 7 дзён мы стаялі супраць персаў, а на 8-мы - персы вырашылі плыць у Афіны і пагрузілі конніцу на караблі. Нашы разведчыкі адразу ж надалі сігнал сонечнымі зайчыкамі ад сваіх бронзавых шчытоў. Гэта азначала, што варожая конніца ўжо на караблях.
Тады, скарыстаўшы перавагі мясцовасці, наша фаланга атакавала персаў. Персы здолелі прарваць слабы цэнтр грэкаў, але на фалангах мы разграмілі іх. Персам пагражала акружэнне, і яны пачалі ўцякаць. Мы пагналі іх да мора і нават захапілі 7 караблёў. Усе хацелі прынесці радасную вестку ў Афіны, але Мільтыяд паслаў аднаго , самага хуткага з нас. Ён стаміўся падчас бою, але вельмі спяшаўся ўзрадаваць грамадзян, таму з апошніх сіл прабег да Афін 42 км і паспеў толькі сказаць : " Радуйцеся, грэкі, мы перамаглі!" і тут жа памёр.
Настаўнік: А хутка прыйшло і войска са Спарты. Спартанцы спазніліся на бітву, але з цікавасцю разглядалі забітых персаў, іх зброю і рыштунак. Персы не сталі спрабаваць узяць Афіны з мора. Іх там ужо чакала грэчаскае войска.
Грэкі вельмі ганарыліся сваёй перамогай, бо яшчэ ніхто не перамагаў персаў. Але яны разумелі, што вайна не скончана. У 480 г.да н.э. грэчаскія полісы ствараюць Антыперсідскі саюз з агульнай казной, арміяй і флотам.
Вайна ўзнавілася праз 10 гадоў.
Перс: Пасля смерці ўладара Дарыя намі стаў камандаваць цар цароў Ксеркс. Усе баяліся яго. Ён загадаў нават біць бізунамі мора, бо яно разбурыла яго масты. Грэкі чакалі нас у Фермапільскай цясніне. Мы адправілі да іх цара свайго ганца з прапановай скласці зброю, але дзёрзкія грэкі адказалі: " Прыйдзі і вазьмі!" У першы дзень з грэкамі змагаліся не мы, а салдаты захопленых намі гарадоў. Мы гналі іх у бой бізунамі. Грэкі ўстаялі. Назаўтра у бой пайшлі нашы " бессмяротныя" - 10 тысяч самых лепшых воінаў. Гэтыя грэкі, здаецца, былі з камянёў. Але сярод іх знайшоўся здраднік. Ён правёў нас па горнай сцежцы, і мы імкнуліся акружыць ворага, але не паспелі. Грэкі дазналіся пра гэта і , каб захаваць войска, пакінулі ў Фермапільскай цясніне 300 спартанцаў на чале з царом Леанідам, а самі адступілі.
Цар Ксеркс прапанаваў спартанцам здацца на яго літасць, а іначай стрэлы закрыюць для іх сонца. Яны адказалі, што згодныя біцца і ў цені.
Вядома, мы знішчылі іх усіх. Я, праўда, чуў, што адзін выжыў, ён не ўдзельнічаў у бітве, бо ляжаў хворы ў вёсцы. Мне крыўдна, што мы перамаглі не мужасцю, а пры наяўнасці здрады.
Настаўнік: Удзячныя грэкі паставілі загінуўшым спартанцам помнік. ( Вучні знаёмяцца з інфармацыяй пра яго на с. 121 падручніка)
Мы чулі тут пра нейкага спартанскага воіна. Які не ўдзельнічаў у бітве і выжыў у Фермапілах. Ведаючы пра спартанскае выхаванне, як вы думаеце, які лёс яго чакаў?
( Вучні выказваюць сваё меркаванне)
Афінянін: У тых складаных умовах афінскі стратэг Фемістокл пераканаў грэкаў даць марскі бой, які адбыўся ў верасні 480 г. да н.э. у Саламінскім праліве. ( Вучні чытаюць пра бітву пры Саламіне на с. 122, 123 падручніка)
Настаўнік: - "Якія спосабы бою вы заўважылі ў прачатаным урыўку з паэмы Эсхіла?"
- " Чаму Эсхіл піша пра фінікійскія караблі?"
- " Як яны там апынуліся?"
Ксеркс вярнуўся ў Азію, аставіўшы ў Грэцыі лепшыя войскі пад камандаваннем Мардонія. Той у 479 годзе да н.э. захапіў і разрабаваў Афіны. Афіняне пакінулі горад , каб не трапіць у рабства.
Апошняя бітва падчас грэка - персідскіх войнаў адбылася ў 479 г. да н.э. пад Платэямі. Яна лічылася ўзорам тагачаснага ваеннага майстэрства. Грэкамі камандаваў спартанец Паўсаній. Ён зрабіў выгляд, што адступае ад Платэяў, мАрдоній кінуўся ў пагоню, а спартанцы. Як толькі заўважылі персаў, развярнуліся і прынялі бой. Потым падаспелі і афіняне. Мардрній загінуў. Калі Паўсаній з грэкамі зайшлі ў палатку Мардонія, яны былі ўражаны ўсходняй раскошай. Паўсаній сказаў: " Эліны! Паглядзіце на безразважлівасць персаў, якія жывуць у такой раскошы, а ўсё роўна прыйшлі да нас, каб адняць нашы крошкі!"
ІІІ. Вынікі войнаў.
Падводзячы вынікі войнаў, настаўнік ставіць праблемнае пытанне:
- Чаму перамаглі грэкі?
Узгадваем, што спартанцы выхоўваліся жосткімі, параўноўваем іх з таксама жорсткімі асірыйцамі.
- Хто выклікае ў вас больш сімпатыі? Чаму?
Зачытваецца эпіграф. Прыводзяцца словы Герадота, які пісаў, што грэкі перамаглі таму, што былі мацнейшыя за персаў, а мацнейшыя яны былі таму, што былі свабодныя. Абмяркоўваецца сэнс гэтага выказвання. Што такое свабода? Чаму персы не былі свабодныя ў сваёй краіне?
Потым робіцца выснова, што грэкі перамаглі дзякуючы сваёй дэмакрытыі і патрыятызму.
-Як вы разумееце слова патрыятызм? Прывядзіце прыклады?
Для замацавання ведаў вучням прапануецца адзначыць значком Х на контурнай карце месцы бітваў у час грэка - персідскіх войнаў.
Рэфлексія.
Настаўнік:У афінян быў звычай на Народным сходзе праводзіць астракізм. На гліняных чарапках пісалася імя таго палітыка, які не падабаўся грамадзянам, чарапкі апускаліся ў урну, а потым той, чыё імя было напісана на большасці чарапкоў, высылаўся з Афін. У кожнага з вас ёсць тры кавалачкі каляровага картону, якія ў нас будуць " чарапкамі". А на апошняй парце стаіць скрынка. Апусціце туды чырвоны картон, калі вы ў захапленні ад урока; жоўты - калі вы лічыце гэты ўрок звычайным; сіні - калі вам урок не спадабаўся.
Дамашняе заданнне.
Агульнае -- 19. Па выбару - скласці апавяданне пра войны ад імя спартанца, або перса, ці ад грэка таго поліса, што не ўдзельнічаў у гэтых войнаў.