Тэма: Нескланяльныя назоўнікі
Мэта: - выпрацоўваць уменні адрозніваць нескланяльныя назоўнікі ад іншых назоўнікаў;
- адпрацоўваць уменні і навыкі ў вызначэнні роду нескланяльных назоўнікаў;
- фарміраваць навыкі правільнага ўжывання нескланяльных назоўнікаў у вуснай і пісьмовай мове;
- узбагачаць слоўнікавы запас вучняў;
- выхоўваць любоў да родных мясцін.
Абсталяванне: слоўнікі іншамоўных слоў Булыкі А.М.;
плакат - схема в. Варняны;
дыдактычны матэрыял (карткі для работы ў гру-
пах, для інд. заданняў).
Ход урока
1.Арганізацыйны момант. Слова наст.: Якая ў нас цудоўная вёска,
якое тут усё роднае, блізкае, знаёмае. Гляньце за акно: вясна, свеціць сонейка, усё радуецца добраму надвор'ю, расцвітае.
*А які ў вас настрой?
На некаторых дрэвах ужо з'явіліся першыя лісточкі, і першыя кветкі ўжо расцвілі. Нездарма народная мудрасць гаворыць: "Няма лепшага раю ад роднага краю" або "Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка". Але чаму часта здараецца так, што пасля заканчэння школы маладыя людзі едуць у горад вучыцца ды там і
застаюцца, не вяртаюцца назад у родную вёску. *Што трэба зрабіць, каб моладзь "не ўцякала" ў горад? (пабудаваць кінатэатры, кафэ, магазіны, атракцыёны і г. д.). Правільна. Так давайце на сённяшнім уроку мы з вамі паспрабуем спраектаваць прыгожы горад на месцы нашай вёскі, такі горад, каб нікоіу не хацелася адсюль выязджаць. А яшчэ на сённяшнім уроку мы з вамі будзем адпрацоўваць веды пра нескланяльныя назоўнікі, атрыманыя на мінулым уроку: правільна ўжываць іх у мове, умець вызначаць іх род, адрозніваць нескланяльныя назоўнікі ад іншых, а таксама пазнаёміцца з новымі словамі. У кожнага на парце "Слоўнік іншамоўных слоў", з якім мы працавалі на мінулым уроку. Калі не ведаеце значэнне нейкага слова, абавязкова звяртайцеся да слоўніка.
Давайце прыступім да будаўніцтва горада. Што пабудуем адразу?
Я думаю, што ніхто не супраць паласавацца чым- небудзь смач-
ненькім. Таму прапаную пабудаваць КАФЭ
Звярніце ўвагу на дошку. Перад вамі прыкладны план нашай
вёскі. Дзе пабудуем кафэ? (прымацаваць малюнак)
Уявіце сабе, што вы зайшлі ў кафэ. Яно прасторнае, утульнае, светлае. Вы сядаеце за столікі, да вас падыходзіць афіцыянт. Што ён вам прапануе? Правільна, меню (кожная група атрымлівае меню). Вам можна заказаць толькі тыя стравы, у назвах якіх ёсць нескланяльныя назоўнікі. Заданне выконваеце групамі, а пасля адзін прадстаўнік робіць заказ.
Перш, чым пабудаваць наступны аб'ект, звярніце ўвагу на дошку. Я прапаную вам разгадаць крыжаванку. Калі вы правільна яе азгадаеце, то ў вертыкальным слупку атрымаеце назву горада.
1. м**** 1. Ветлівая назва замужняй жанчыны ў Францыі (мадам).
2. і********* 2. Чалавек, які арганізуе канцэрты, гастролі (імпрэсарыо).
3. н*** 3. Вага тавару без тары і ўпакоўкі (нета).
4. с**** 4. Спартыўная барацьба (самаабарона без зброі) (самба).
5. к****** 5. Рознакаляровыя каляровыя кружочкі, якімі абсыпаюць
адзін аднаго на карнавалах (канфеці).
Як вы думаеце, чаму менавіта гэты горад я выбрала для крыжаванкі? Таму што гэта сталіца нашай Радзімы, і таму што ў Мінску ёсць МЕТРО . Хто з вас быў у метро?
Першы рэйс у мінскім метро адбыўся 29 чэрвеня 1984 г. Тады было толькі 8 станцый. А зараз метро ў Мінску налічвае 19 станцый. Будаўніцтва працягваецца, а калі ўсё задуманае ажыццявіцца, то будзе 56 станцый працягласцю 75 км. (ад Мінска да Маладзечна). За год узводзіцца прыкладна 1 станцыя. Так што, магчыма, і нехта з вас будзе сярод будаўнікоў метро.(малюнак на дошку)
А зараз давайце на метро адправімся ў заапарк. Дзе мы яго пабудуем? (мал. на дошку) У якіх гарадах Беларусі ёсць заапаркі?
Хто з вас быў у звярынцы? Арцём падрыхтаваў паведамленне пра Гродзенскі заапарк. Давайце яго паслухаем.
Уявіце, што мы трапілі ў заапарк, убачылі шмат звяроў і птушак, а сярод іх фламінга, кенгуру, поні (паказаць мал.) Заданне групам: апісаць жывёл.
Зноў спускаемся пад зямлю і на метро адпраўляемся ў магазін, ды не проста ў магазін, а ў ГАНДЛЁВЫ ЦЭНТР, у якім можна набыць самыя розныя тавары. Дзе мы яго пабудуем? (мал. на дошку)
Уявіце, што мы з вамі ў вялікім магазіне, вакол шмат розных аддзелаў, самыя розныя тавары: прадукты, касметыка, галантарэя, адзенне, абутак, ювелірныя вырабы, гаспадарчыя тавары...Трэба нешта купіць, тавараў шмат, аж вочы разбягаюцца. Я вам дапамагу зрабіць выбар. Кожны выбірае картку, на якой назва нейкай рэчы, што вы набылі ў магазіне. Вам трэба скласці сказ з гэтым словам. Не забывайце карыстацца слоўнікам.
А зараз на метро адпраўляемся ў АТЭЛЬЕ (мал. на дошку). Што
такое атэлье? (звярнуцца да слоўніка і зачытаць с. 40) У атэлье можна зрабіць прычоску, адрамантаваць гадзіннік, абутак, пашыць касцюм... Праца ля дошкі і ў сшытках: запісаць сказ, вызначыць род несклан. наз. і ў форме якога склону ён ужыты.
1. Нядаўна закончылася будаўніцтва сучаснага атэлье.
2. У атэлье працуюць выдатныя майстры.
Шмат нескланяльных назоўнікаў ёсць у МУЗЫЦЫ. Давайце паслухаем тых, хто наведвае музычную школу. Я папрасіла іх падрыхтаваць невялікі тэкст і ўключыць у яго нескланяльныя назоўнікі.
Паглядзіце, якая прыгожая атрымалася ў нас вёска. Напэўна, нікому цяпер не захочацца адсюль выязджаць. А каб падвесці вынік нашай работы, давайце зробім ЭКСКУРСІЮ па вёсцы. Хто жадае быць экскурсаводам? (выступленне экскурсавода)
Ну, а зараз давайце звернемся да ДАМАШНЯГА ЗАДАННЯ. Напамінаю, што адной групе трзба было скласці сказы з нескланяльнымі назоўнікамі, а другой - скласці маршрут турнэ з
такой умовай, каб тыя геаграфічныя аб'екты, якія вы будзеце наведваць, былі б нескланяльнымі назоўнікамі.
Выстаўленне адзнак.
Рэфлексія: Шмат вуліц у пабудаваным намі горадзе. Я іх назвала так: вуліца Радасці, Дабрыні, Смутку, Трывогі, Задавальнення... На якой вуліцы пасля сённяшняга ўрока вы хацелі б апынуцца? Якія ў вас думкі, пачуцці? Падыдзіце да магнітнай дошкі і пакажыце, на якой вуліцы вы паселіцеся.