Дзяржаўная ўстанова адукацыі

" Навучальна-педагагічны комплекс Варнянскі яслі-сад-агульнаадукацыйная сярэдняя школа"
Іх лёсы - адно жыццё
Магадзя Маргарыта, вучаніца 11' класа

У нашым пакоі цішыня. Сястрычка-першакласніца акуратна выводзіць літары ў сшытку  ў касую лінейку, мармычучы нешта сабе пад нос. Раптам зрываецца з месца і бяжыць да дзвярэй. Спыняецца, чакае, калі яны расчыняцца. Кожны дзень, стоячы ля парога,  Палінка і я сустракаем маму з работы. Мама хуценька рапранаецца, цалуе маю  сястрычку, якая  ўжо паспела прымасціцца на маміных  каленях. Я люблю пяшчотную маміну ўсмешку і радуюся, што сення яна прыйшла крыху раней, чым звычайна. Сення я з асаблівым нецярпеннем чакала маму  з работы, каб прадоўжыць учарашнюю размову. "Мама, мама,  а мы з Маргарыткай усе бабуліны фотаздымкі дасталі, цябе чакалі", - адрапартавала Палінка.
Мама падышла да стала, дзе малая роўненькімі радочкамі расклала парыжэлыя ад часу чорна-белыя фотаздымкі, паглядзела на іх, пастаяла хвілінку. Уздыхнула, неяк непрыкметна змахнула са шчакі слязінку, задумалася  і ўжо, мусіць, не чула, што шчабятала Палінка. Я прытулілася  да мамінага пляча і ціха прашаптала: "Не плач, мамачка". Замест адказу яна толькі неяк  сумна ўсміхнулася і моцна абняла мяне.
Тры гады назад пайшла ад нас назаўседы любімая бабуля Зоя. Мы з сястрычкай вельмі любілі яе. А ўчора схадзілі на могілкі, прыбралі ўсе, кветкі занеслі, свечкі паставілі, каб запаліць іх на Задушны дзень. А вечарам усей сям'ей гарталі стары бабулін альбом. А мама, абняўшы нас, расказвала пра бабулю, мусіць, не толькі мне, колькі Палінцы, бо яна ж была малая і мала што ведала пра бабулю, а вось помніла яе добра,  бо часта перабівала маму, папраўляла яе. А найбольш здзівілася, калі пачула, што бабуля Соф'я Міхайлаўна Масейка, таксама, як і наша мама, працавала на пошце са сваей  сястрой Марыяй Міхайлаўнай Сымановіч.
Я таксама была вельмі здзіўлена, калі даведалася, што Астравецкая кантора сувязі ( так раней называлася раеннае паштовае аддзяленне) была яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. Мама казала, што ў канцы вайны будынак фашысты спалілі. Калі вайна скончылася, пачалі аднаўляць  сувязь. Цяжка прыходзілася:  машын не было, і газеты, пісьмы з Астраўца ў Варняны дастаўлялі на конях. Наймалі людзей, і яны на сваіх конях  з падводамі прывозілі карэспандэнцыю, а тады ўжо везлі па весках.
Калі аднавіліся і крыху акрэплі калгасы, пошту сталі дастаўляць на  калгасных конях, а пасля, можа ў 1952 ці 1953 гадах у Астравецкім аддзяленні сувязі  з'явіўся франтавы грузавік. Начальнікам сувязі тады ў Варнянах быў Шакоўскі І.І., потым Я.Б.Талкачоў.
Неўзабаве, у 1946 годзе ў Варнянах быў адкрыты радыевузел, а праз год былі тэлефонныя камукатары на ст.Гудагай, затым у Гервятах аддзяленне сувязі.
У 1962 годзе ў Варнянах была ўстаноўлена першая телефонная станцыя на 50 нумароў.

З гісторыі паштовай сувязі

Патрэбнасць людзей у абмене інфармацыяй з'явілася ў глыбокай старажытнасці. З узнікненнем пісьменнасці інфармацыя стала перадавацца ў пісьмовым відзе, што і паклала пачатак паштовай сувязі. Першапачаткова пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі па прынцыпу эстафеты. З развіццем гандлю з'явіліся пошты гарадоў, якія абслугоўвалі  купцоў і рамеслінікаў.
Важная  веха ў гісторыі паштовай сувязі - выпуск паштовай маркі (1840 год, Велікабрытанія). А у 1874 годзе на 1-м Міжнародным паштовым кангрэсе 22 краіны падпісалі Усеагульны паштовы саюз.
З'яўленне ў пачатку 19ст. паравоза і парахода, а ў пачатку ХХ ст. самалета  значна павялічыла хуткасць перасылкі паштовых адпраўленняў. Такім чынам паштовая сувязь пачала абслугоўваць усе насельніцтва.
А як жа складвалася справа на Беларусі? У 1793 годзе Беларусь злучылася з Расіяй, пасля  чаго беларуская пошта атрымала свае дальнейшае развіцце ў складзе Расійскай імперыі. Аднак  рэгулярная перавозка пошты пачалася толькі ў 1871 годзе па чыгунках "Мінск-Масква", "Мінск-Роўна", "Мінск-Брэст", "Мінск-Любава". З 1 студзеня 1919 года паштовыя аддзяленні пачалі прымаць падпіску на газеты і часопісы і дастаўляць іх падпісчыкам. У гады Вялікай Айчыннай вайны абставіны складваліся не лепшым чынам, шматлікія  аддзяленні былі знішчаны. У 1948 годзе была цалкам адноўлена даваенная колькасць паштовых прадпрыемстваў. З таго часу ідзе актыўнае развіцце  пошты на Беларусі. Спецыялісты, майстры сваей справы добра падрыхтаваны да таго, каб аказаць паштовыя паслугі ў ХХ стагоддзі на высокім еўрапейскім узроўні.
"Хуткасць. Надзейнасць. Даступнасць" - дэвіз беларускіх паштавікоў.

Бібліяграфічная даведка пра сям'ю Аўгулёў
Сям'ю  Аўгулёў у Варнянах ведалі даўно. Ніхто не памятае, калі абсталяваліся яны ў гэтай вёсцы. Бог  падараваў  Міхаілу і яго жонцы 3 дачкі і сына.
Старэйшая - Марыя, затым Яня, а 28 сакавіка 1941 года, нарадзілася апошняя дзяўчынка - Зося. Неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна. Цяжка было ўсім. Сям'я Аўгулёў была працавітая. Дружна жылі, клапаціліся адзін пра аднаго, шмат працавалі, і хоць было і холадна, голадна не трацілі надзею на лепшае.
Скончылася вайна, дзеці пайшлі вучыцца ў школу. Стараліся, радавалі бацькоў добрымі адзнакамі. Зося закончыла васьмігодку. Пачалася яе працоўная дзейнасць: хадзіла на палявыя работы і завочна заканчвала дзесяцігодку. Затым у 1962 годзе пайшла працаваць на пошту.  Маладзенькая, кволая дзяўчынка, якая тады важыла 42 кілаграмы ў  любое надвор'е хадзіла па вёсках, каб прынесці людзям радасць і добрыя навіны. Яна любіла ўсіх, нават жыла жыццём сваіх аднавяскоўцаў. Ведала,  калі павінен прыйсці ліст ад сына, які служыць у войску, засмучалася, калі дзеці рэдка пісалі сваім бацькам. Для кожнага знаходзіла цёплыя, шчырыя словы, падбадзёрвала. Яе любілі і заўсёды чакалі. А ў вёсцы  ўсе называлі ласкава - Зоська.

У любое надвор'е  спяшаецца Соф'я Міхайлаўна  да сваіх аднавяскоўцаў





Соф'я Міхайлаўна - заўсёды жаданы госць.Чужая радасць - яе радасць.Хуткую, няўрымслівую, імклівую дзяўчыну не мог не заўважыць малады хлопец Іван. Запала  ў душу, закахаўся. А ў 1965 годзе вяселле зладзілі.  Муж пайшоў у войска, а калі вярнуўся, яго чакала жонка і маленькая дачушка - Леначка. Прайшло 3 гады - і ў сям'і нарадзіўся нашчадак - Ванечка, прыгожы, смуглявы хлопчык. Зося адчула сябе па-сапраўднаму шчаслівай жанчынай: пабудавалі сваю хату, падрасталі дзеці, пайшлі ў школу. Вучыліся вельмі добра, асабліва Ваня. Соф'я Міхайлаўна прадаўжала працаваць на пошце, прывыкла, душой прыкіпела. Цяжка з сумкай паштальёна хадзіць стала, сілы ўжо не тыя. Тады і вырашыла стаць аператарам Варнянскага паштовага аддзялення. Шмат клопатаў у маладой сувязісткі. У той час  тут ужо і старэйшая  сястра Марыя Міхайлаўна з мужам на пошце працавалі. Прыемна было заходзіць на пошту, бо тут заўсёды цябе выслухаюць, дапамогуць гэтыя цудоўныя людзі. Працаваць у сувязі няпроста: вучыцца даводзілася пастаянна. Дзеці Соф'і Міхайлаўны сталі дарослымі: Лена закончыла вучылішча ў Віцебску, стала закройшчыцай. Тры гады працавала ў СБА у Гервятах. Работа, здаецца, добрая, але ўсё  ж... І вырашыла таду Лена, як і мама яе, надзець сумку  паштальёна, каб таксама прыносіць людзям не толькі карэспандэнцыю, але і радасць.

Маці і дачка...Адна дарога і два лёсы....         
Так з 1993 года і стала Алена Іванаўна паштальёнам Варнянскага аддзялення сувязі пад пільным вокам Соф'і Міхайлаўна, якая на той час была начальнікам пошты. Радавалася маці: дачка побач, цэлы дзень маглі гаварыць і бачыць адна адну, а расказаць было што. У 1996 годзе Соф'я Міхайлаўна  пайшла на заслужаны адпачынак. Сумаваць не было калі. Кожны дзень да яе заходзілі дзеці, а асаблівую радасць прыносілі чатыры ўнучачкі: Алеся, Маргарытка, Ксюша і Палінка. Яны жылі шчасцем сваіх дзяцей.  Шчабяталі наперабой, дзяліліся сваімі сакрэтамі, расказвалі свае крыўды. Соф'я Міхайлаўна прывыкла  суперажываць, яна ўмела выслухаць людзей. А ўжо сваіх унучак любіла як нікога! Жыла ў іх  і дзеля іх. Шкада, што нядоўга... Хвароба заўчасна забрала гэтую ўсмешлівую,  мудрую, сціплую, абаяльную і добрую жанчыну, якая так і засталася для аднавяскоўцаў "нашай Зоськай". Я часта ўспамінаю сваю бабулю і часам  думаю, гледзячы, як Палінка надзявае маміну сумку паштальёна: а ці не прадоўжыць яна працоўны лёс сваёй бабулі і маці?..










Hosted by uCoz