Дзяржаўная ўстанова адукацыі
Дзяржаўная ўстанова адукацыі

" Навучальна-педагагічны комплекс Варнянскі яслі-сад-агульнаадукацыйная сярэдняя школа"
Астроўская Рэната, вучаніца 11' класа

Ціхі летні ранак....
Ціхі летні ранак…. Неба на ўсходзе пасвятлела, заружавела. Павольна, нібы выкатваючыся з-за кустоў лазняку, паказалася сонца. Узыходзіць, азараючы ўсё наваколле. Над ставам, дзе высіцца на востраве незвычайна прыгожая вежа, плыве, коцячыся па вадзе, туман. Ён рассейваецца, і раптам выразна праяўляюцца абрысы прыгожых белых птушак. Іх шмат. Лебедзі парамі слізгаюць па вадзе, неяк незвычайна грацыёзна выгнуўшы свае доўгія шыі. Я чамусьці гляджу на ўсю гэту прыгажосць зверху, нібы з вышыні птушынага палёту. Адчуваю, што падымаюся ўсё вышэй і вышэй. І раптам усведамляю, што не пазнаю гэтых мясцін, не пазнаю сваёй вёскі. Спачатку не магу зразумець чаму. Пасля адчуваю, што яна не такая. У чым справа? Што сталася з маёй вёскай? Што са мной?
Вунь там, на беразе  вялікага ставу, пазіраючы ў ваду, нібы ў люстэрка, стаіць стары задуменны млын.
Даўно ўжо не мелюць на гэтым млыне,
Хоць пахне тут колішнім пылам.
Як дзіркі старыя ў старым бервяне,
Усё тут замерла, застыла…
Але што гэта? Што сталася са старым млыном. Ён нібы ажыў, скінуў з сябе пыл даўніны. І вось ужо немалады, абсыпаны мукой, млынар ветліва запрашае да сябе ўсіх, хто прывёз збожжа. Наўкол шмат падвод з мяшкамі мукі. Рух, гоман, гучная размова. Рух і каля  былога панскага палаца, што ўтульна размясціўся, нібы шляхцянка, на супрацьлеглым баку ставу. Палац драўляны, двухпавярховы, утульны, аздоблены прыгожай разьбой звонку. Я бачыла яго толькі на чорна-белых гравюрах у школьным музеі, але цяпер ён зусім іншы. Ён таксама жывы, як млын, які драмаў не адну сотню гадоў, ля палаца прыгожыя экзатычныя дрэвы, якія ствараюць незвычайную алею, што цягнецца да самага касцёла. Падыходжу бліжэй да палаца і адчуваю водар ружаў, якія ўтульна размясціліся на клумбах. Яны жывыя, ківаюць сваімі кветачкамі, быццам  гаспадары маёнтка, запрашаюць у госці. А вось і яны, нашчадкі роду Абрамовічаў!  Статная постаць, упэўненая хада, светлыя твары - усё гаворыць аб тым, што яны тут гаспадары, не часовыя госці. Так хочацца пагаварыць з імі, і я набліжаюся да іх, каб павітацца, як раптам зноў падымаюся ўвысь і нібы птушка пралятаю над ажыўленай плошчай.
Кіпіць, віруе жыццё на плошчы, дзе цяпер шумяць сваім зялёным лісцем каштаны. Я здагадваюся  - гэта ён, нам вядомы Варнянскі кірмаш, з мноствам пакупнікоў, з каруселямі, дрэсіраванымі ў Смаргонскай акадэміі мядзведзямі, што цешаць люд варнянскі. Я хаджу па кірмашы, разглядаю ўсіх, хачу штосьці купіць, але не магу. Мяне тут ніхто не бачыць. Я - у другім часе, у іншым свеце. Сумна? Так. А як хацелася б цяпер пагаварыць з імі, з тымі людзьмі, хто, як і я, таксама вельмі моцна любіў сваю вёску ў свой час.Іду каля былой карчмы і гасцініцы, пераходжу вуліцу і трапляю ў касцёл. 
Ён мала змяніўся, але ўсё для мяне тут новае і нязвыклае. І толькі маўклівая цішыня…. Яна, аказваецца, і тады была такой. І тады  мае продкі ўмелі гаварыць з Богам сцішана, пакорліва. І я, перакрысціўшыся,  праходжу далей, да алтара, звяртаюся да Бога з малітвамі.
Адчуваю незвычайную лёгкасць, ужо не іду  па зямлі, а ўздымаюся вышэй касцёла і раблю, як птушка, круг над вёскай. Ён маленькі, як і мае Варняны. Я не заўважаю тых дзевятнаццаці вуліц, якія ёсць у нас зараз. Іх няма, і я прадаўжаю кружыць над цэнтрам мястэчка - архітэктурным ансамблем. Вось ён, адзіны ў Беларусі помнік тыпавай забудовы вёскі. 
На захадзе, на  самым высокім месцы, узвышаецца велічны касцёл, па баках яго - два мураваныя двухпавярховыя дамы. Гэта плябанія і дом аптэкара. Роўнымі радамі цягнецца ад касцёла прыгожая алея. Яна вядзе ажно да палаца, нібы злучае іх. Па баках алеі ўсё яшчэ бурліць жыццё на кірмашы. Восем пар аднолькавых драўляных дамоў з тынкаваным фасадам, злучаных аркамі, выстраіліся, нібы салдаты на парад. Столькі ж іх і з другога боку плошчы.
Раптам я заўважаю, што зверху ўсё гэта нагадвае гняздо, так, гняздо, удала  пабудаванае сапраўднымі майстрамі. Дык вось чаму вёска мае такую назву. "Варняны" у перакладзе  з літоўскай мовы азначае "шпакоўня". Так, сапраўды гэта шпакоўня, збудаваная рукамі майстроў на стагоддзі.
Лёгкі парыў ветру  і я адчуваю нейкую незвычайную  свежасць. Адкуль яна? Апускаю вочы ўніз і заміраю - больш дваццаці люстэркаў адлюстроўваюць сінь неба. Гэта нашы ставы - прыгажосць і гонар сённяшніх Варнян. Мілы сэрцу куток роднай вёскі. А вунь і лебедзі. Іх шмат. На памяць прыходзяць радкі паэта, нашага настаўніка Часлава Казіміравіча Навіцкага:
....Што ж, няхай вядуцца -
Вунь ставы якія.
Хай жывуць старыя,
Плаваюць малыя.
І няхай, як сёння,
І заўжды так будзе -
Лебедзі на ўлонні -
Падабрэлі людзі...
.....Сны бываюць розныя: каляровыя і чорна-белыя, цікавыя і не вельмі, проста звычайныя і прарочныя. Сённяшняя ноч падаравала мне незвычайны сон-падарожжа ў мінулае маёй роднай вёскі.





Hosted by uCoz