Дзяржаўная ўстанова адукацыі

" Навучальна-педагагічны комплекс Варнянскі яслі-сад-агульнаадукацыйная сярэдняя школа"
ТЭМА:       " Падарожжа па вуліцах    ГРОДНА"
Наст. гісторыі Юркойць А.І.

МЭТА І ЗАДАЧЫ:  паглыбіць і замацаваць веды вучняў аб гістарычным мінулым і архітэктуры Гродна; развіваць творчае мысленне, актывізаваць пазнавальную дзейнасць; павышаць цікавасць вучняў да гісторыі, выхоўваць пачуццё гонару за сваё гістарычнае мінулае.

                                      Ход занятку

I.        Уступнае слова настаўніка:
-        На працягу шэрагу заняткаў мы з вамі пазнаёміліся з асноўнымі архітэктурнымі помнікамі  горада Гродна.Сёння мы замацуем свае веды, а акрамя гэтага паспрабуем вярнуцца да стварэння і пачатковых падзей Гарадзенскага княства.І пачнем мы гісторыю Гарадзенскага княства з гісторыі жыцця ягоных князёў.
II.        Асноўная частка:

-        Выступленне дзяўчынак: Апановіч Валерыі, Філіпчык Алесі і Асадчук Дзіяны.
(гл. Дадатак 1)

-Шмат падзей у гісторыі Беларусі звязана з іменем князя Давыда Гарадзенскага: захоп Тмутаракані , барацьба з крыжакамі і інш. У гонар слаўнага князя складзена шмат легенд і вершаў.З адной з легенд нас пазнаёміць Комар Эмілія 

-        Унукі Давыда,сыны Усевалада Давыдавіча: Барыс і Глеб заклалі на высокім беразе Нёмана самы старажытны праваслаўны храм у Гародні - Барысаглебскую
    ( Каложскую) царкву. Комар Вераніка і Адула Аляксандр намалявалі малюнак царквы і падрыхтавалі цікавае паведамленне пра яе.
( гл. Дадак 2)
III. Падвядзенне вынікаў занятку. Рэфлексія .

Дадатак 1.
        Упэўнена сцвярджаю, што на пытанне аб тым. Якія княствы складалі старажытную Беларусь, любы з вас пралічыць Полацкае, Тураўскае, Смаленскае, назаве нават Северскае і ў мншым выпадку напрыканцы нагадае Гарадзенскае. І ўжо зусім нічога не зможа распавесці пра гісторыю Гарадзенскага княства. Адзін Іпацьеўскі летапіс нешматлікімі " зярняткамі" - запісамі захаваў да нашага часу сціслыя ўспаміны аб дзейнасці першых князёў гарадзенскіх.
        Давайце паспрабуем з вамі трапіць у Вышгарад у суботу першага тыдня посту ( дзень св. Фёдара) 19 лютага 1054 года і надвячоркам зазірнуць у пакой вялікага кіеўскага  князя Яраслава Мудрага. Там, ля ложка паміраючага князя, мы ўбачым яго сыноў і пачуем слабеючы голас Яраслава Мудрага: " Вось адыходжу з гэтага свету. А вы, мае сыны, майце між сабою любоў, бо вы браты ад аднаго бацькі і адной маці. І калі будзеце вы ў любові  паміж сабою, то і бог будзе разам з вамі, і падпарадкуе ён вам ворагаў вашых, і будзеце вы жыць мірна. Калі ж вы будзеце ў ненавісці жыць, у сварках, то і самі загінеце, і зямлю бацькоў сваіх і дзядоў сваіх пагубіце, якую яны здабылі працай вялікай. Ак слухайце брат брата, жывіце мірна. Зараз жа даручаю я - замест сябе - стол свой,Кіеў, старэйшаму сыну сваймубрату вашаму, Ізяславу. Слухайце яго, як слухалі і мяне, няхай ён вам будзе замест мяне. А Святаславу даю я Чарнігаў, Усеваладу - Пераяслаўль, Вячаславу - Смаленск, Ігару - Уладзімір". Такім чынам нам з вамі давялося прысутнічаць пры апошніх хвілінах жыцця Яраслава Мудрага, які памёр у ноч на 20 лютага 1054 года і нават пачулі з ягоных вуснаў завяшчанне.
       Па гэтаму завяшчанню на Русі было ўведзена правіла прыступкавага ( лесвічнага) узыходжання на Кіеўскі вялікакняскі стол: вялікім князем мог стаць толькі старэйшы з жывых сыноў Яраслава Мудрага, астатнія аўтаматычна ўздымаліся на прыступку вышэй : з Уладзіміра - у Смаленск, з Смаленска - у Пераяслаўль, з Пераяслаўля - у Чарнігаў, з Чарнігава - у Кіеў. Адсюль, зноў такі аўтаматычна , нашчадкі бацькі памерлага раней дзеда страчвалі права наследвання бацькоўскай  зямлі і станавіліся князямі - ізгоямі. Гэтае правіла прыступкаага ўзыходжання дапамагала захаваць адзінаўладдзе ў Кіўскім княстве ў руках старэйшага з прадстаўнікоў роду і забяспечыць непадзельнасць , адзінства ўсяго княства, яго палітычную моц.
       Калі б князі паміралі згодна свайго ўзросту, то ўсё ішло б нармальна. Але Яраслаў Мудры не ўлічыў, не прадугледзіў ні толькі ізгойства, але і выпадковасці чалавечага жыцця. Ні толькі сын можа памерці раней бацькі , але і малодшы брат раней старэйшага. І тады колькасць князёў - ізгояў памнажаецца і, як паказала жыццё, два - тры князі - ізгоі , інтарэсы якіх ( забеспячэнне сябе ўдзеламі) супадаюць, ствараюць рэальную небяспеку для адзінства дзяржавы.
       Сталася так, што спачатку памёр перадапошні сын Яраслава Мудрага Вячаслаў ( 1057 г.), які сядзеў у Смаленску. Аўтаматычна на ягонае месца прыйшоў Ігар Ярасававіч ( а гора Уладзімір дастаўся князю - ізгою, сыну старэйшага з Яраславічаў Уладзіміра, памерлага на два гады раней бацькі ( 1052), Расціславу Уладзіміравічу). Але ў 1060 годзе ва ўзросце 24 год памірае Ігар Яраслававіч і ягоныя сыны Усевалад і Давыд становяцца ізгоямі.
       Каля 1098 г. Давыд Ігаравіч ажаніўся на дачцы Валадара, унучцы згаданага вышэй Расціслава Уладзіміравіча, я ў яго нарадзіўся сын Усевалад ( Усеваладка). Сваім нараджэннем ён спалучыў старэйшую ( праз Уладзіміра Яраслававіча) і малодшую ( праз Ігара Яраслававіча) генеаагічныя лініі Яраславічаў і генетычна ўвабраў у сябе лепшыя рысы сваіх продкаў: упартасць, светлы розум, рашучасць, памяркоўнасць.
       У 1112 годзе Давыд Ігаравіч памірае і адзіным апекуном стаўшага князем - ізгоем падлетка Усеваладка застаецца ягоны старэйшы стрыечны брат  Мсціслаў - таксама ізгой. І калі памірае ў 1116 годзе гэты апошні апекун, на дапамогу юнаку прыходзіць сваяк - вялікі кіеўскі князь Уладзімір Манамах. Ён ажаніў Усевалада з Агаф'яй і ў якасці пасага маладым даў Замкавую гару над Нёманам і пажаданне замацоўваць паўночныя межы кіеўскага княства. У 1116 годзе тут і ўзнікла княская рэзідэнцыя, стаўшая цэнтрам удзельнага Гарадзенскага княства; ужо ў 1127 годзе яно згадваецца летапісцамі. У Гарадзенскім княстве налічвалася каля 20 населеных пунктаў: Ваўкавыеск, слонім, Здзітаў, Турыйск, Мсцібогаў і іншыя.
       Княгіня Агаф'я Уладзіміраўна была таксама нашчадкам Яраслава Мудрага ( праз Усевалада Яраславіча) і да таго ж - унучкай апошняга англа - саксонскага караля Гаральда, дачка якога, Гіта, пасля гібелі бацькі ў 1067 годзе разам з маці трапіла на еўрапейскі кантынент і неўзабаве стала жонкай Уладзіміра Манамаха.
       Але ўжо праз пяць гадоў летапіс паведамляе: " Ходи Мстиславъ на Литву съ Всеволодомъ Городенским". Такая павага летапісца ( поўны тытул князя), безумоўна, сведчыць аб тым, што Гарадзенскае княства, дзякуючы асабістым якасцям ягоных уладароў, дамоглася адноснай палітычнай незалежнасці і стала саюзнікам Кіева.Пацверджаннем гэтага з'яўляецца і сумнае паведамленне леапісаў аб смерці Усевалада Гарадзенскага ў 1141 годзе, а таксама запіс пад 1144 г. аб паходзе на Галіч Барыса і Глеба Усеваладавічаў разам ( а не па загаду) з кіеўскім князем Усеваладам. Барыс і Глеб - гэта старэйшыя сыны Усевалада і Агаф'і. Былі ў іх яшчэ адзін сын Мсціслаў і дзве дачкі, якіх у 1144 годзе кіеўскі князь Усевалад аддаў замуж: адну за Уладзіміра Давыдавіча Чарнігаўскага, другую - за Юрыя Яраславіча Тураўскага. Імёны дачок летапіс не згадвае, але калі ўлічыць існуючую  ў тыя часы добрую традыцыю даваць дзецям імёны бабуль і дзядуль, то можна дапусціць, што адна з дачок Агаф'і і Усевалада атрымала імя ў гонар сваёй бабулі па маці, дачкі караля Гаральда Гіты, а імя бабулі па бацьку Ланкі ці Алены, Ілоны, атрымала другая дачка.
       Тая дачка, якая выйшла замуж за Уладзіміра Давыдавіча ( яе верагоднае імя - Гіта), мела сына Святаслава, які ў 1159 годзе ажаніўся на дачцэ Андрэя Багалюбскага. Другая сям'я ( Ланка Усеваладаўна і Юры Яраславіч) дала пачатак дынастыі пінскіх князёў, радавод якіх выходзіць на князёў астрожскіх і ў тым ліку, на славутага князя, героя Аршанскай бітвы 1514 года, Канстанціна Астрожскага. Так што гарадзенцы могуць ганарыцца тым, што ў жылах гэтага чалавека цякла кроў гарадзенскіх князёў!
       

Дадатак 2

       Пра назву Барысаглебскай царквы існуюць розныя паданні. Адам Кіркор - вядомы гісторык, этнограф і археолаг - звязвае гэта з часам княжання ў Гародні праўнука Яраслава Мудрага Усевалада Давыдавіча. У 1167 годзе ён ажаніўся з дачкой Уладзіміра Манамаха Агаф'яй. У іх было двое сыноў: Барыс і Глеб. Лічыцца, што менавіта яны заклалі на высокім беразе Нёмана самы старажытны праваслаўны храм у Гародні.
       
Адкуль жа ўзнікла назва Каложа? У 1405 годзе вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Вітаўт хадзіў паходам на Пскоў. Там ён узяў у палон 11 тысяч жыхароў прыгарада Каложы і пасяліў іх у Гародні, паблізу царквы Барыса і Глеба. Перасяленцы назвалі месца новага побыту Каложай - як памяць пра сваіх продкаў. Пазней і царкву сталі называць Каложскай.
       Духоўная моц дойлідаў, іх высокае ўмельства спрыялі з'яўленню выдатнага помніка. Але майстры не здолелі засцерагчы святыню ад розных нягод. Царква зведала разбуральную сілу сярэднявечных сечаў, шведскай вайны. Хуткаплынны Нёман таксама нарабіў шкоды. Яму хацелася так блізенька плысці ля гэтай непрыступнай прыгажуні, што не заўважыў, як бурлівыя хвалі падтачылі бераг. У 1853  і 1889 гадах у нёманскую ваду абрынуліся паўднёвая і ўсходняя сцены, скляпенні. Аднак Слова Божае зноў паклікала да сябе лбдзей. І ў канцы ХІХ стагоддзя царква, аберажоная Духам Святым, была адноўлна - дабудаваны драўляныя сцены, дах.
       Калі над васільковай Беларуссю раннім досвіткам прахопліваецца клапатлівае сонейка, яно ў любую пару года найперш кідае свій ласкавы погляд на Каложу. Дзіўным жыватворным ззяннем успыхваюць яе каляровыя камяні ў сценах, абярэжнай і жыццядзейнай сілай свецяцца яе крыжы. І тады здаецца, што гэты шэдэўр беларускага дойлідства, які горда ўзвышаецца на магутных далонях бацькі - Нёмана, не толькі сам поўніцца і праменіцца веліччу і годнасцю, але насычае ёю душы вернікаў, любасцю і дабрынёй гоіць душэўны неспакой, узвялічвае справы і дзеі людзей Белай Русі.
       А калі трапяткія нябесныя сузор'і буйнымі рабінавымі гронкамі зачаравана трымцяць у нёманскіх хвалях побач з абрысамі Каложы - гэтай праўдзівай перліны хрысціянкага свету, тады здаецца, што ў нерухомай цішыні пранікліва гучыць сказанае Богам: " І вочы мае і сэрца маё будуць там ва ўсе дні."

Hosted by uCoz