Помнік гісторыі і культуры - Варнянскі архітэктурны ансамбль - займае значнае месца ў культурнай спадчыне беларускага народа. Ён адлюстроўвае шматвекавую гісторыю і вялікі талент людзей працы гэтага рэгіёна. Рэшткі старажытных паселішчаў і ўмацаванняў, вытворчыя і культавыя збудаванні, як і іншыя помнікі матэрыяльнай культуры, утрымліваюць звесткі аб зніклых грамадска - эканамічных фармацыях, аб прадукцыйных сілах, сацыяльна - эканамічных адносінах і ідэалогіі розных эпох, даюць уяўленне аб майстэрстве народа, яго мастацкіх густах і поглядах, расказваюць аб зменах, што адбываліся ў галіне мастацтва пад уплывам мясцовых умоў і традыцый.
       Вялікае гістарычнае мінулае ў Варнян. Згодна з версіяй В.А. Жучкевіча, назва Варняны паходзіць ад беларускага слова араць з пачатковым пратэтычным в, напрыклад - ворная зямля. Але традыцыйны для балцкіх тапонімаў фармант - яны дае падставы этымалогію назвы шукаць у балцкіх мовах. Згодна з версіяй мясцовых краязнаўцаў, вышэй згаданы айконім бярэ пачатак ад летувіскага varnas -крумкач, або varnenas -шпак. Першая вядомая на сёння згадка пра мястэчка щ письмовых крыницах датуецца канцом XIV стагоддзя - Варняны (  у лацінскім напісанні Vroney-Vronani ) у гэты час з'яўляліся цэнтрам акругі ў Мемежскай воласці. У зборы дакументаў, датычных Віленскай дыяцэзіі выдадзеных на лаціне, напісана, што Вапняны з'яўляюцца ўласнасцю вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы, які ў 1391 годзе выдзеліў з гэтага паселішча новапабудаванаму Медніцкаму касцёлу фундуш. У 1397 годзе, з дазволу вялікага князя, віленскі біскуп Андрэй запісвае дзесяціну з Варнянскай сядзібы віленскай капітуле.
       У метрыках Вялікага княства Літоўскага ( архіве дзяржаўнай канцылярыі0 Адам Мальдзіс знаходзіць дзве наступныя згадкі пра Варняны - у 1423 годзе вёска з'яўляецца ўласнасцю вялікага князя Вітаўта, у 1453 годзе - цэнтр гаспадарскай воласці ў Мемежскім павеце, дзе кароль Казімір раздае землі сваім баярам і шляхце. Частка гэтых зямель, разам з паселішчам Варняны, была пажалаваная ў сярэдзіне XV стагоддзя Казімірам свайму баярыну Сангайле ( Сунігайле). Сангайла на той час , відаць, быў у паважаным узросце, бо яго прозвішча згадваецца ўжо ў дакументах канца XIV стагоддзя, а на Гарадзельскім Сойме 1413 года кароль Ягайла яму, аднаму з першых дваццаці васьмі беларуска - літоўскіх баяраў, надаў шляхецкі тытул па новаму ўзору і герб. З пісьмовых крыніцаў вядома, што пасля смерці баярына ўдава Марына Сангайлава паводле тастамента мужа заснавала ў 1462 годзе ў Варнянах драўляны касцёл у імя Божага Цела і плябанію і запісала яму грашовыя, зямельныя і іншыя фундушы. Пасля смерці бяздзетнай Марыны вотчына, як вымарачная, ізноў вярнулася ва ўласнасць караля Казіміра.
       Наступным спадчыннікам Варнянаў, з ласкі караля, становіцца прадстаўнік роду Свірскіх - князь Петка Свірскі. Пасля смерці Петкі да 1502 ці 1503 года паселішчам валодала ягоная жонка Алена Даўгірдаўна, якая сваім тастаментам апісала ўсю маёмасць тром сынам і шасці дочкам. У 1503 годзе паміж братамі і сёстрамі ўзніклі маёмасныя спрэчкі і кароль Аляксандр падзяліў паміж імі бацькоўскія землі пароўну.
       Дзельчы ліст паміж братамі і сёстрамі Свірскімі не захаваўся, але вядома з іншых крыніцаў, што Варняны дасталіся аднаму з братоў - віленскаму каноніку князю Андрэю Петкавічу Свірскаму, які з'яўляўся таксама плябанам Варнянскага касцёла. Ён значна павялічыў памеры сядзібы, скупляючы землі ў навакольных баяраў і землеўласнікаў, што бачна з фундацыйнага дакумента п на адбудову касцёла, падпісанага князем Свірскім у 1508 годзе. У 1511 годзе Андрэй Петкавіч адае Варняны ў заставу трокскаму ваяводзе і дворнаму маршалку Рыгору Станкавічу ( Грыгорыю Станіславаічу) Осціку, мужу сваёй сястры Аляксандры Свірскай. У гэтым жа годзе Свірскі памірае. Осцік працягвае трымаць сядзібу ў сваіх руках і лічыць яе сваёй уласнасцю, таму што князь вярнуў яму толькі каля паловы грошай , атрыманых у заклад Варнянаў.
       Пляменнікі нябожчыка, князі Пётр і Андрэй Міхайлавічы Свірскія, звярнуліся ў суд з маёмаснымі прэтэнзіямі да Рыгора Осціка. Суд пастанавіў, каб Свірскія вярнулі Осціку рэшту даўгоў свайго дзядзькі, а затым падзялілі ўладанне на тры часткі паміж сабой і цёткай Аляксандрай Свірскай. Хутчэй за ўсё браты Свірскія так і не вярнулі доўг, таму што ў 1522 годзе яны судзіліся па гэтаму ж пытанню з сынамі Рыгора Осціка. Фактычнай жа ўладальніцай мястэчка, як спадчынніца брата Андрэя Свірскага, стала Аляксандра Свірская. Калі яна памерла, юрыдычныя правы на сядзібу зноў атрымаў яе муж Рыгор Осцік, а пасля ягонай смерці ў 1518 годзе і смерці яго старэйшага сына ў 1519 годзе ўсе ўладанні перайшлі да малодшых дзяцей.
       Відаць, Юрый і Рыгор Рыгоравічы Осцікі былі яшчэ непаўналетнімі , таму Варняны трымала іх старэйшая сястра Альжбета, жонка Мікалая Станіслававіча Кяжгайлы ( Кежгайлы). Калі маладыя князі дасягнулі паўналецця, паміж імі і сястрой узніклі пэўныя рознагалоссі наконт пытання валодання спадчыннай маёмасцю. У 1524 годзе Альжбета звярнулася ў суд са скаргай на братоў, якія зрабілі напад на Варнянскую сядзібу і спустошылі яе, дамагаючыся падзелу. Суд пастанавіў, каб уперад раздзелу варнянскай вотчыны Осцікі кампенсавалі страты, нанесеныя сваёй сястры.
       З далейшых дакументаў відаць, што паселішча і ў 1532 годзе заставалася ва ўласнасці Альжбеты Осцікаўны, і толькі пасля яе смерці браты змаглі цалкам завалодаць маёмасцю, якую працягвалі трымаць у супольным валоданні, не раздзяляючы памж сабой. Пазней сваю частку маёмасці Рыгор Осцік аддаў у заставу брату Юрыю, які ў 1546 годзе тастаментам дэкляраваў 1/5 гэтых грошай на братавай палове сядзібы на сваё пахаванне, а астатнія - на выхаванне і вывучэнне сваіх малодшых непаўналетніх сыноў Юрыя і Рыгора, і даручаў іх апеку брату. Сваю ўласную маёмасць ён апісаў як на малодшых сыноў, так і на старэйшага Мікалая і жонку Марыну. Стаўшы паўналетнімі і вызваліўшыся з - пад апекі памерлага дзядзькі, а пазней і маці - княгіні Марыны Міхайлаўны Мсціслаўскай, браты заключылі пагадненне, згодна з якім Варняны дасталіся Юрыю Осціку. Юрый рупліва павялічваў сваю варнянскую ўласнасць, набываючы фальваркі і землі ў навакольнай шляхты. Тут трэба адзначыць, што вакол буйной магнацкай сядзібы Осцікаў Варняны цераспалосна размяшчалася шмат дробных сядзібаў і фальваркаў павятовай шляхты, якія ў XVI і першай палове XVII стагоддзяў насілі тую ж самую назву - " Варнены", " Ворняны!, " Арняны" альбо " Варняны - Забелішкі", " Варняны - Казакоўшчына", " Варнянгы - Сільвестроўшчына". Пазней адны з іх атрымалі іншыя назвы, а другія зліліся з суседнімі сядзібамі ў працэсе купляў - продажаў, дарэнняў і г.п.
       Наступная згадка пра Варняны датуецца 1559 годам. Згодна з дадзенымі праведзенай у гэтым годзе інспекцыі парафіяльных касцёлаў Віленскай дыяцэзіі, Варнянскай плябаніі належала сорак чатыры дымы падданых сялянаў, Астравецкай, да прыкладу, - восем, Свіранскай - трынаццаць дымоў. Такім чынам, Варнянскі храм быў самым багатым у наваколлі. А паводле звестак польскага гісторыка Юрыя Ахманскага, ён выдзяляўся і сярод касцёлаў усёй велізарнай Віленскай дыяцэзіі. Варнянскі ключ у гэты час быў ва ўласнасці сына Юрыя Осціка - ваяводвы мсціслаўскага і старасты браслаўскага Юрыя Юр'евіча Осціка, які павялічыў  варнянскую вотчыну, выкупіўшы ў 1559 годзе трэцюю частку сядзібы гаспадарскага зямляніна Тодара Янавіча ( Фёдара Іванавіча) Ліпкі на рацэ Газе ( зараз Газянка). Вядома таксама, што ў 1567 годзе Юрый Юр'евіч выставіў у войска Вялікага княства са сваіх семнаццаці сядзібаў, у тым ліку і з Варнянскай , шэсцьдзесят аднаго вершніка, трыццаць пяць драбаў і восемдзесят копнікаў. Памёр Юрый Осцік у 1567 годзе, не пакінуўшы нашчадкаў. Усю сваю маёмасць ён апісаў тастаментам сваёй другой жонцы Магдалене Брамоўскай. Брат нябожчыка, Рыгор Юр'евіч Осцік, застаўся незадаволены такім рашэннем Юрыя і распачаў судовыя спрэчкі з Магдаленаю аб ануляванні тастамента. Прайграўшы судовыя працэсы ён урэшце не знайшоў нічога лепшага, чым абвінаваціць удаву ў атручэнні мужа. Больш таго, Рыгор сфабрыкаваў фальшывы дакумент аб тым, што нібыта брат пазычыў у яго 20000 коп грошаў, што было на той час вельмі вялікай сумай,  і абнародаваў гэтыя звесткі. У выніку Брамоўская саступіла маёмасць мужа, у тым ліку і Варняны, і пераказала яе на карысць Рыгора Осціка.
       Каб прасачыць далейшы лёс мястэчка, варта крыху спыніцца на авантурнай асобе Рыгора Осціка. Рыгор таемна вёў перамовы з маскоўскім паслом у Вільні адносна захопу вялікакняжацкай кароны маскоўскім царом Іванам Жахлівым. У сваёй сядзібе Каварск ( зараз знаходзіцца на тэрыторыі Летувы) ён арганізаваў падпольны манетны двор, дзе чаканіў фальшывыя грошы і пячаткі, займаўся падробкай дакументаў. Калі антыдзяржаўная дзейнасць Рыгора Осціка выкрылася, яго арыштавалі, і 15 чэрвеня 1580 года каралеўскі суд асудзіў Осціка да пакарання смерцю. 18 чэрвеня прысуд быў выкананы, а ўся маёмасць здрадніка, у тым ліку і Варнянская сядзіба, якой ён валодаў менш за год, была канфіскавана на капысць каралеўскага скарбу.
       У 1581 годзе кароль Стафан Баторый за ваенныя заслугі падараваў Варняны старасту лідскаму, войскаму і намесніку віленскаму, пазней ваяводу менскаму і смаленскаму Яну Абрамовічу, герба Ястрабец зменены. Абрамовіч зрабіў Варняны сваёй галоўнай рэзідэнцыяй, з таго часу ўсе прадстаўнікі гэтага роду падпісвалі дакументы - " Абрамовічы на Варнянах". Ян быў пратэстантам, як чалавек высакародны рабіў пратэкцыю не толькі кальвіністу і ідэолагу рэфармацыі ў Вялікім княстве Літоўскім, філосафу і правазнаўцу Андрэю Волану. Ён з'яўляўся калятарам ( калятар - асоба, якая ўнесла сродкі на пабудову касцёла, альбо яе нашчадак) Варнянскага каталіцкага касцёла, у 1593 годзе абдараваў храм фундушамі, заснаваў пры ім школу для шляхецкіх дзяцей і шпіталь для калекаў і састарэлых. Абрамовіч неаднаразова выступаў у абарону праваслаўных месцічаў сталіцы, як. Напрыклад, у час спрэчкі аб пабудове брацкай царквы, узвядзенне якой было забаронена віленскім магістратам у 1596 годзе. Ян не збаяўся выступіць на баку праваслаўных супраць магутнага апанента - канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі, які падтрымліваў у гэтым канфлікце вуніяцкага мітрапаліта. Ян пратэстант змог спрычыніцца і да фундацыі кальвінскага збору ў Варнянах - Вароне Чыжоў, але ў сваёй сядзібе каталіцкі касцёл у кальвінісцкі ніколі не перарабляў. Займаючы высокія пасады ў Вялікім Княстве, узазіў біскупа Юрыя Радзівіла тым, што " стаўленікам герэтыкоў будучы, ягонай біскупскай уладзе не супраціўляўся".
       У дзяцінстве Абрамовіч выхоўваўся пры двары князя Мікалая Радзівіла Рудога, скончыў Падуанскі універсітэт у Італіі, быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу. Усё жыццё захоўваў прыхільнасць да Радзівілаў і да смерці, як сведчаць уцалелыя лісты, выконваў для іх розныя прыватныя справы. Браў актыўны ўдзел у палітычным і царкоўным жыцці Вялікага княства Літоўскага, прэзентуючы разам з біржанскімі Радзівіламі патрыятычнае, непрыхільнае да Польшчы крыло. Шматразова на Соймах бараніў інтарэсы сваёй дзяржавы, як, да прыкдаду, у 1588 годзе, калі выступіў за перадачу Ліфляндыі Вялікаму княству, альбо ў 1595 -м, калі Абрамовіч выказаўся супраць прызначэння Мацяеўскага кіраўніком віленскай катэдры. Удзельнічаў у Тарунскім Сінодзе 1595 года ў Вільні з тымі, хто не прыняў Берасцейскай вуніі, у дыспуце кальвіністаў з езуітамі ў тым самым годзе. 
        Меў добрыя стасункі з найвышэйшым гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астрожскім, бо, дзякуючы жонцы Ганне Даратэі з Валовічаў, быў цесна звязаны з праваслаўем, а жонка яго належала да дабрадзеяк і апякунак віленскага праваслаўнага брацтва.
        Абрамовіч з'яўляўся аўтарам некалькіх каштоўных і цікавых для свайго часу прац, як, напрыклад, " Погляды літвіна аб набыцці таннага збожжа і продажу яго даражэй" 9 1595г.) . выдаў за свій кошт шэраг кнігаў, у тым ліку кальвінісцкі " Катэхізіс2 Станіслава Судроўскага.
       Памёр Ян Абрамовіч 19 красавіка 1602 года, варнянскі ключ атрымаў у спадчыну яго сын Мікалай - чашнік літоўскі, кашталян, а затым ваявода мсціслаўскі і трокскі, генерал артылерыі вялікага Княства, у першым шлюбе жанаты з Дубоўскай, у другім - з Евай з Курцэвічаў - Булыгаў удавой аляксандра Масальскага, і ўрэшце ад 22 красавіка 1642 года з Альжбетай з Гарнастаевых, удавой кіеўскага падкаморыя кальвініста Андрэя Драгаеўскага.
       Пасля смерці бацькі з 1603 года Мікалай выхоўваўся ў сям'і біржанскіх Радзівілаў. У 1621- 1622 гадах на тэрыторыі Курляндыі, пад кіраўніцтвам Крыштапа Радзівіла, ён прымае ўдзел у вайне са шведамі, у 1626 - 1627 гадах ваюе у Прусіі і Памераніі, у 1632 - 1634 бярэ ўдзел у ваеннай кампаніі супраць Масковіі. Праявіў сябе, як выбітны адмысловец у галіне артылерыі, за што ў 1638 годзе атрымаў пасаду першага ў Гаспадарстве кіраўніка артылерыі. Уваходзіў у склад дыгнітарскага ўрада Вялікага Княства, загадваў арсеналамі, збраёўнямі, парахоўнямі, гарматнямі, кіраваў забеспячэннем войска і арсеналаў порахам і амуніцыяй, навучаннем артылерыстаў. Браў актыўны ўдзел у палітычным жыцці краіны - сем разоў выбіраўся паслом на Сойм, два разы - дэпутатам у Трыбунал, неаднаразова выконваў абавязкі камісара ў складзе дзяржаўных камісій, у тым ліку ў 1648 годзе на перамовах са Шведскім каралеўствам. Нягледзячы на сваю прыхільнасць да кальвінізму Мікалай, як і яго бацька, талерантна ставіўся да іншаверцаў., у 1640 годзе ён павялічыў фундуш варнянскай плябаніі і касцёлу.
       Памёр Мікалай Абрамлвіч у лютым 1651 года, Варняны дасталіся сыну Самуэлю Андрэю, старасце старадубскаму, каралеўскаму палкоўніку, жанатаму з Аленай Шэметаўнай, нашчадкаў з якой апошні не меў. Самуэль Андрэй скончыў Лейдэнскі універсітэт у Галандыі, пасля смерці бацькі перайшоў у каталіцтва. Згодна з прывілеем Віленскага біскупа Юрыя Тышкевіча ад 19 жніўня 1654 г., атрымаў калятарскія правы на касцёлы ў сваіх мястэчках Варняны і Кабыльнік, на іх аднаўленне і ўпрыгожванне. Памёр у 1663 годзе, на ім скончылася галоўная лінія роду - ваяводская.
       Наступным спадчыннікам Варнянаў быў стрыечны брат Самуэля Андрэя - губскі стараста, скарбнік і чашнік віленскі Самуэль Міхал Абрамовіч, жанаты на Канстанцыі Кацярыне з Быкоўскіх - Мардасаў. Самуэль Міхал быў сынам Якуба, які валодаў землямі ў лідскім павеце, і ўнукам Гераніма Абрамовіча. Дата яго смерці дакладна невядомая, памёр недзе каля 1689 года, не маючы дзяцей. Згодна з спадчынным тастаментам Самуэля Міхала, які ўступіў у сілу 12 ліпеня 1700 года, варнянская сядзіба дасталася яго брату Андрэю Абрамовічу, скарбніку і стольніку віленскаму, кашталяну берасцейскаму, пісару земскаму, дэпутату Трыбунала, жанатаму з княгіняй Агінскай. Андрэй меў трох сыноў - Антонія, Андрэя і Юрыя. Два апошнія, праз сяброўства бацькі з Радзівіламі, былі цесна звязаны з Міхалам Казімірам Радзівілам - вялікім гетманам літоўскім і ваяводам віленскім, які апекаваўся маладымі Абрамовічамі, дапамагаў ім матэрыяльна - даў у заставу некалькі сваіх сядзібаў на Ашмяншчыне, Віленшчыне і ў Жмудзі. Андрэй Абрамовіч быў чалавекам вельмі магутным і ўплывовым у краіне, Радзівілы спрабавалі нават у 1758 годзе зрабіць яго кіраўніком Трыбуналу, але варагуючая партыя прыгразіла, што прыменіць любыя сродкі і нават сілу, але не дапусціць гэтага. У 1761 годзе уганараваны ордэнам " Белага Арла", памёр у верасні 1763 года па дарозе ў Варшаву ( пахаваны 17 студзеня 1764 года у Варнянах).  Незадоўга да смерці Андрэй Абрамовіч задумаў пабудаваць у мястэчку мураваны касцёл, замест старога драўлянага, але здзейсніць задуманае не паспеў. Распачатую братам будоўлю працягваў Юрый - чашнік віленскі, пісар гродскі, суддзя земскі, стараста губскі і старадубскі, падваявода віленскі, у 1763 годзе віцэстаршыня Трыбунала, пасол на канвакацыйны Сойм, які атрымаў варнянскую сядзібу па праву спадчынніка. Юрый Абрамовіч узвёў мураваныя сцены новага касцёла і ўзімку 1766 - 67 гадоў памёр не давёўшы, як і брат, справу да канца. Згодна з тастаментам Юрыя, Варняны пераходзілі ў пажыццёвае валоданне яго жонкі Марыяны з Дзерналовічаў, у шлюбе з якой ён меў двух сыноў , Андрэя і Яўхіма, і дачку Тарэсу.
       Марыяна пасля заўчаснай смерці свайго мужа працягвала актыўную дзейнасць па завяршэнні будаўніцтва святыні і стварэнні ўнікальнага горадабудаўнічага ансамбля цэнтра мястэчка, які захаваўся часткова.
У 2-й палавіне 18 - 1-й палавіне 19 ст сядзіба ў Варнянах (рыс.1, 2) лічылася адной з найпрыгажэйшых на Віленшчыне. Яна з'яўлялася часткай так званага " ўзорнага" Варнянскага палацава- гарадскога архітэктурнага ансамбля, закладзенага Марцыянай Абрамовіч у 2-й палове 18 ст. па праекту архітэктара А. Касакоўскага ў стылі позняга барока. Ён уключаў касцёл св. Георгія, плябанію і дом аптэкара, палацава - паркавы ансамбль, гасцініцу, карчму і 16 тыповых аднапавярховых жылых дамоў ( захавалася 6).        
Першапачатковы выгляд гэтага ансамбля вядомы па шэрагу гравюр 1-й паловы 19 стагоддзя і малюнках Напалеона Орды 1873-75 гг.(рыс.5)  Ядро планіровачнай структуры мястэчка займала вялікая прамавугольная плошча, выцягнутая па восі ўсход - захад. Паўночны і паўднёвы падоўжныя бакі плошчы былі забудаваны аднатыпнымі драўлянымі жылымі дамамі, накрытымі вальмавымі дахамі. З пячным ацяпленнем, драўляна - мураванай канструкцыі. Фасады дамоў, арыентаваныя да плошчы, былі змураваныя з цэглы і злучаныя арачнымі праездамі ў двары - усё гэта стварала суцэльны ўпарадкаваны фронт забудовы. З усходу зрокавую перспектыву плошчы замыкае галоўны фасад велічнага касцёла, які з'яўляецца кампазіцыйнай дамінантнай усяго ансамбля.(рыс. 4)
       Вось сіметрыі плошчы падкрэслівала шырокая алея. Што злучала храм з сядзібай уладальніцы мястэчка. Па баках касцёла. Пад вуглом да галоўнага фасада, пастаўлены 2 сіметрычныя двухпавярховыя камяніцы, дзе размяшчаліся плябанія і дом аптэкара. Прамавугольныя ў плане будынкі, накрытыя вальмавымі дахамі, з фасадамі, аздобленымі шырокімі лапаткамі, анфіладнай планіроўкай і крыжовымі скляпеннямі 1-га паверха, мелі стылявыя рысы архітэктуры позняга барока. Гэтыя будынкі злучала каваная агароджа з пілонамі і трохпралётнай брамай, упрыгожанай барочнай скульптурай. Агароджа хвалістай лініяй агінала тэрыторыю касцёла.
       Георгіеўскі касцёл у Варнянах (рыс.6) пабудаваны ў стылі віленскага барока у 1760 - 1769 гг.і кансекраваны біскупам віленскім Т. Зяньковічам. Асноўны мастацкі акцэнт, адпаведна яго дамаінантнай ролі ў ансамблі, зроблены на галоўным двухвежавым фасадзе касцёла, які выступае за межы асноўнага аб'ёма і вызначаецца вытанчанасцю і ажурнасцю сілуэта. Заглыбленая цэнтральная частка завершаная высокім двух'ярусным атынкаваным франтонам. Шмат'ярусныя чацверыковыя вежы маюць увагнутую паверхню прасценкаў паміж звязкамі вуглавых пілястраў, што стварае тонкую нюансіроўку падаючых і слізгаючых ценяў. Імклівасць вертыкальных ліній супакойвае мяккі малюнак абрысаў франтона і праёмаў. Варнянскі Георгіейскі касцёл мае адзін прамавугольны неф, падзелены сістэмай спараных пілястраў і падпружных арак на 2 часткі, перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Двухчасткавая структура нефа. Якая сустракаецца даволі рэдка, з'яўляецца адметнасцю Астравецкага рэгіёна.
       Амаль роўная па даўжыні з нефам выцягнутая прамавугольная апсіда прэсбітэрыя мае аналагічныя скляпенні, але больш інтэнсіўны рытм падпружных арак, якія падзяляюць апсіду на 3 часткі. Па баках прэсбітэрыя размешчаны нізкія сіметрычныя прамавугольныя аб'ёмы, падзеленыя на 2 часткі, у якіх размяшчаюцца капліцы і сакрысціі. Над уваходным памяшканнем, якое злучана з прасторай нефа арачнымі праёмамі, размешчаны арганістыя хоры з пластычным хвалістым абрысам агароджы. Інтэр'ер упрыгожвалі пышныя алтары, амбон, лавы і канфесіяналы з ракайльным дэкорам. У галоўным алтары знаходзіліся абразы " Увазнясенне" і " Св. Ян Непамук" - абодва работы вучняў вядомага мастака С. Чаховіча, перанесеныя ў Варняны з касцёла св. Казіміра ў Вільні. Пад парогам святыні, пад жалезнай плітой пахавана фундатарка М. Абрамовіч. Касцёл быў рэканструяваны ў 1880 і 1909 гг.., у 2-й палавіне 20 ст. доўгі час не дзейнічаў, адноўлены і рэкансекраваны ў 1990г.
       Процілеглы ад касцёла заходні бок рынкавай плошчы замыкала масіўная каваная агароджа на высокім падмурку, якая аддзяляла мястэчка ад рэпрэзентатыўнага сядзібна - паркавага комплекса яго ўладальнікаў.
        Уя'ленне пра палац і ансамбль наогул даюць 4 унікальныя літаграфіі 1820 -х г., якія знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага музея ў Варшаве, малюнкі Н. Орды і іншых аўтараў. ( рыс.3,5) Палац быў драўляны, двухпавярховы, з двума кароткімі крыламі з ганкамі, якія вялі ў парк, на від суровы і без значнага дэкору. На працягу 19 ст. некалькі разоў падвяргаўся рэканструкцыі, таму яго выгляд на малюнку 1900г. значна адрозніваецца ад выявы на літаграфіях.
       Сціплы знешні выгляд палаца быў кампенсаваны стылёвым унутраным убраннем. У аздабленні сцен пакояў Канстанцінам Отасельскім, мастаком з вялікім густам, выкарыстоўваліся самыя лепшыя фарбы, пазалота, лак, тканіна. Сцены пакояў былі абцягнуты тканінай, часткова пакрыты драўлянымі панэлямі, столь мела багатую ляпніну і насценны жывапіс, вокны і дзверы былі лакіраваны ў белы і залаты колер. Мэбля пакояў адпавядала часу эпохі і была ў асноўным у стылі Людовіка XVI.
       Сіметрычна з двух бакоў палаца стаялі 2 сціплыя драўляныя афіцыны. Паміж імі і палацам быў вялікі газон з кругам у цэнтры, навокал раслі клёны, ліпы, ясені, елкі, адзінкавыя дрэвы лістоўніцы еўрапейскай, сасны веймутавай, якія часткова захаваліся і дапамагаюць высветліць месца параднага двара. Ён аддзяліўся ад плошчы ў мястэчку, якая служыла рынкам, узорнай металічнай агароджай на бутавым фундаменце з уязной брамай. Брама бачна на адной з літаграфій. Месца яе добра прасочваецца. Яна складалася з двух прамавугольных пілонаў, якія мелі пешаходныя праходы, завершаныя вазамі. Ад касцёла да брамы вяла ліпавая алея, а ад брамы да палаца - шырокая ( 12 м) кляновая алея ( захавалася 11 дрэў).
       Сын Марцыяны Яўхім у 1785 годзе набыў у Сангушкаў Дабраўлянскі ключ, пасля смерці маці яму адышлі бацькоўскія Варняны, а старэйшаму брату Андрэю, ротмістру кавалерыі ВКЛ - Дабраўляны.
       Пасля Яўхіма Варняны належалі яго сынам Мікалаю і Ігнацію. Апошні прадаў Дабраўляны, не меў сына і на ім абарвалася галіна роду.
       Пасля Абрамовічаў Варнянамі валодаш Андрэй Снядэцкі, унук Андрэя Снядэцкага, вядомага хіміка, урача, філосафа і асветніка, а пасля яго дачка Марыя Антаніна. Апошнімі ўладальнікамі былі Мілашы, а затым з 1914г. - Зыгмунт Хамінскі, які ў хуткім часе правёў парцэляцыю маёнтка.
       Пры Снядэцкіх палац звонку і ўнутры зведаў значную рэканструкцыю. Ён быў абшаляваны, у цэнтральнай частцы будынка былі надбудаваны люкарны з двухсхільнымі дахамі, новае абрамленне атрымалі вокны, бакавыя крылы, што адлюстравана на адной з фатаграфій каля 1900г. Пакоі абстаўляюцца новай мэбляй, палац папаўняецца новымі творамі мастацтва і фамільнымі каштоўнасцямі.
       За палацам размяшчаўся парк. Аснову кампазіцыі яго складаў вялікі вадаём з востравам, да якога вёў перакідны мосцік. Вадаём з'яўляецца часткай складанай воднай сістэмы з 26 вадаёмаў - адной з найбуйнешых сярод сядзіб Беларусі ( каля 65 га). Водная паверхня з архітэктурнымі акцэнтамі (рыс. 7,8) ( млыном, броварам, павільёнам - купальняй, альтанкай з калонамі, неагатычнай вежай на востраве, пабудаванай пазней з чырвонай цэглы ў выглядзе крапасных збудаванняў сярэднявечча), дамбы, мосцікі, каналы складалі своеасаблівасць парку, надзялялі яго рамантычнымі матывамі.
        Вежа, пабудаваная пач. 19 ст.,  мела вылучна дэкаратыўнае прызначэнне, а па сваёй кампазіцыі прагуквалася з падобнымі ёй вежамі ў Нясвіжы і Нароўлі. Паводле пашыранага  народнага падання, якраз у ноч пад Івана Купалу, калі , як казалі дзяды, у старым тутэйшым парку расцвітала казачная кветка папараці з вежы ціхутка выходзіла надзвычайна прыгожая паненка ў старадаўнім шляхоцкім уборы і з вянком у руцэ. Яна накіроўвалася да тутэйшых дзяўчат і хлапцоў, але дайшоўшы да ставу, няўпрыцям знікала ў ім паміж жоўтымі і белымі гарлачыкамі.
       Водная сістэма заснаваная на ручаі Хварасцянка, выток якога пачынаецца з балотнага масіву каля в. Карняны. Цягнецца сістэма амаль да в. Больнікі. Вадаёмы маюць свае найменні. Так, вадаём з востравам называецца " млыновым". Ён вялікі, найбольш дэкаратыўны, кампазіцыйна звязаны з ансамблем. У сістэме ёсць вадаёмы " крынічны", " травяны".і інш. Вялікі вуглавы вадаём называецца " чацвёркай". Вада з сістэмы падаецца ў 4 ставы, зробленыя ў пойме Газянкі, прытока Віліі.
       На другой восі сядзібы знаходзіцца алея, якая ад параднага двара вядзе ў былы гаспадарчы двор. Захаваліся 4 будынкі. Уздоўж алеі стаяць белы атынкаваны будынак свірна і маленькая лядоўня. У 1997 -98 гг. адноўлены былы млын, а таксама невялікі будынак з паўцыркульнымі вокнамі каля вадаёма, пабудаваны з палявога каменя з устаўкамі разынак.
       У сучасны час адзначаецца ў цэлым добры стан паўночнага фронта забудовы плошчы: жылыя дамы № 3-17. Некалькі горш захаваўся паўднёвы бок забудовы з жылымі дамамі № 4-18. Тут страчаны вуглавыя пабудовы, разабраныя некаторыя сцены з аркамі паміж дамамі. Апошняе адзначаецца месцамі і на паўночнай старане плошчы, як і пераход на рознахарактарны кровельны матэрыял. Усё гэта, безумоўна, знізіла эстэтычнае ўспрыманне забудовы.
       Гісторыка - архітэктурны ансамбль другой паловы XVIII ст. у Варнянах займае важнае месца ў гісторыі беларускага горадабудаўніцтва. Гэта прыклад здзяйснення вялікага архітэктурна - планавага будынка, які вызначыў рашэнне цэнтральнай часткі пасёлка на многія дзесяцігоддзі. Тут у вялікім маштабе знайшло прымяненне мясцовае " прыкладнае" ( паўторнае) будаўніцтва з выкарыстаннем эканамічнай жылой секцыі.
       З развіццём турызму ў Беларусі, безумоўна, не будзе абыйдзены Астравецкі раён: край гістарычных і культурных мясцін, жывапісных прыродных ландшафтаў - рэгіён, дзе стагоддзямі спляталіся мастацтва беларускага і літоўскага народаў. Узрастае роля Варнян як запаведнага месца, старонкі летапіса горадабудаўнічай культуры рэспублікі.

Матэрыялы школьнага музея апрацавала настаўніца гісторыі Юркойць Аксана Францаўна
Дзяржаўная ўстанова адукацыі
" Навучальна-педагагічны комплекс Варнянскі яслі-сад-агульнаадукацыйная сярэдняя школа"
Hosted by uCoz